Беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ рэзка раскрытыкаваў словы прэм'ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева пра выказваньне кіраўніка Беларусі пра «нянашы» войны.
Мядзьведзеў заявіў 4 лістапада, што яму дзіўна чуць выказваньні, падобныя заяве Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ягоную краіну ўцягвалі ў розныя войны.
У эфіры 5 лістапада АНТ прысьвяціла тэме цэлы сюжэт, які доўжыцца амаль 5 хвілінаў.
«Дзьмітрый Мядзьведзеў зьдзівіўся, што беларусам ня вельмі падабаецца быць разьменнай манэтай — прыкладна так коратка можна апісаць рэакцыю старшыні расейскага ўраду на інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі казахстанскім журналістам», — заявіў вядоўца АНТ Дзьмітры Семчанка.
Ён падкрэсьліў, што Лукашэнка, тлумачыўшы цяперашнюю міратворчую пазыцыю краіны, назваў усе гэтыя войны ня нашымі «лягічна, бо мы іх не пачыналі».
«Дык вось, чужыя войны і подзьвіг продкаў — гэта, як кажуць у вядомым горадзе, дзе Дзьмітрый Анатольевіч наўрад ці калісьці пабывае, дзьве вялікія розьніцы», — кажа вядоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі прэм’ер Мядзьведзеў раскрытыкаваў Лукашэнку за словы пра «чужыя» для Беларусі войныДалей ён заяўляе, што пастараецца «вельмі хутка ліквідаваць гістарычныя прабелы ва ўрадзе Расеі» і расказаць пра тры вышэйназваныя вайны «па палічках»:
- «Напалеон пайшоў на Ўсход ужо пасьля таго, як расейская армія няўдала схадзіла на Захад пад Аўстэрліцам. Да таго ж, калі верыць падручнікам гісторыі, Расея першай парушыла падпісаны з Францыяй Тыльзіцкі мір. А беларусы на сваёй зямлі сталі закладнікамі чужых ваенных амбіцый».
- «Першую сусьветную вайну беларусы таксама не разьвязвалі. Немцы сюды прыйшлі пасьля таго, як расейскі цар Мікалай II абвясьціў мабілізацыю, што тады было роўнае для Бэрліна абвяшчэньню вайны. І зноў Захад і Ўсход рвалі гэтую зямлю на часткі».
- «А вось цяпер пра Вялікую Айчынную... Калі б не беларускі жывы шчыт таўшчынёй у 700 кілямэтраў, нямецкія танкі былі б пад Масквой яшчэ да таго, як пажаўцела лісьце. Мы заплацілі за перамогу ў гэтай вайне кожным трэцім жыхаром».
У сюжэце таксама прыводзяцца словы дацэнта катэдры дзяржаўнага кіраваньня Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Сяргея Шымуковіча і дацэнта катэдры паліталёгіі БДЭУ Аляксея Бяляева, якія камэнтуюць словы Лукашэнкі і кажуць пра ўдзел беларусаў у войнах. Цытуе вядоўца і словы прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, якая раскрытыкавала словы Мядзьведзева раней.
«Сапраўды, гэта ня мы мянялі назвы гарадоў і накідвалі сталёвыя завесы на галовы помнікаў. Ня мы замянілі міліцыю паліцыяй. Проста быць паліцаем у Беларусі да гэтага часу... ня вельмі прэстыжна», — працягвае вядоўца. — І пакуль сёй-той лепіць на свае машыны налепкі „1941–1945. Можам паўтарыць“, беларусы рэканструююць адзін з сваіх галоўных сымбаляў — плошчу з манумэнтам Перамогі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наша і ня наша вайна для Лукашэнкі і Беларусі