5 лістапада на тэлеканале «Беларусь-3» прайшлі дэбаты кандыдатаў у дэпутаты ад Гомельскай-Савецкай акругі № 34. У акрузе зарэгістраваныя чатыры кандыдаты, двое прынялі ўдзел у дэбатах — лідар руху «Маці 328» Таццяна Канеўская і начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Ірына Даўгала.
Па выніках апублікаваньня зьвестак аб даходах за 2018 год Даўгала мае самы высокі даход з кандыдатаў у Гомлі (43,6 тысячы рублёў у год, або 3.600 у месяц).
Канеўская падчас дэбатаў выказала сумнеў, што чалавек з прыбыткам 3.600 рублёў у месяц зможа зразумець праблемы людзей, якія зарабляюць 300 рублёў.
«Я ня веру, што вы будзеце вырашаць пытаньні простых грамадзян», — сказала кандыдат у дэпутаты.
«Мая заработная плата суразьмерная таму аб’ёму працы і, адпаведна, той ступені адказнасьці, якую я нясу як кіраўнік такога ўпраўленьня, і, адпаведна, пытаньням, якія зьвязаны з усёй вобласьцю, ад «А» да «Я», — адказала Ірына Даўгала.
У верасьні каманда сайта petitions.by склала рэйтынг найлепшых і найгоршых дзяржорганаў краіны на аснове рэагаваньня на звароты грамадзян. Як паведамляў сайт thinktanks.by, лідэрам тройкі найлепшых стала ДАІ. Першае месца ў рэйтынгу найгоршых дзяржорганаў занялі ідэолягі. Як падкрэсьліў кіраўнік petitions.by Уладзімір Кавалкін, «менавіта ад ідэолягаў рознага ўзроўню прыходзіць максымальная колькасьць адпісак».