Беларус Віталь Зялкоўскі, фота якога ў 2013 годзе сталі мэмам пра «суворага турыста», абвясьціў, што выставіць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты. Ён пацьвердзіў Свабодзе: гэта ня жарт.
Віталь Зялкоўскі некалі быў памочнікам намесьніка старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, балятаваўся ад ЛДПБ на мясцовых выбарах 2014 году. Цяпер, аднак, хоча ісьці ў прэзыдэнты не ад партыі.
Ён заяўляе, што ў ягоным пляне «важную ролю» будуць выконваць ягоныя «кантакты ў Эўразьвязе і Расеі».
«Інфармацыю аб парадку вылучэньня я апублікую пазьней, у мяне ёсьць афіцыйныя надзейныя крыніцы, якія пераканалі мяне вылучыць сваю кандыдатуру, — сказаў ён Свабодзе. — З ЛДП я ў добрых адносінах, мы можам і далей супрацоўнічаць, але ў мяне больш высокія амбіцыі, і я павінен будаваць пляны самастойна».
Ён сьцьвярджае, што ў Беларусі хоча «скарыстаць веды, атрыманыя ў Эўразьвязе, для паляпшэньня жыцьця ў Беларусі» — мадэрнізаваць эканоміку, рэфармаваць палітычную сыстэму, палепшыць працоўнае і сацыяльнае заканадаўства.
На пытаньне Свабоды, што менавіта ён хацеў бы зьмяніць, Зялкоўскі прывёў такі прыклад:
«У Беларусі няма сацыяльнай абароны, вельмі высокае беспрацоўе, асабліва ў сельскай мясцовасьці. Калі б дзяржава падтрымлівала гэтых грамадзян, у нас не было б такога нераўнаважнага разьмеркаваньня насельніцтва. У Эўразьвязе па-за горадам жыве большасьць багатых людзей, кошт зямлі большы, чым самой нерухомасьці, а ў Беларусі ў вёсках шаром пакаці. Кантрактная сыстэма ў РБ — гэта наогул абы-што, яна не дае працаўніку гарантый і ўпэўненасьці ў будучыні. Усё гэта патрабуе дапрацовак».
Зялкоўскі кажа, што не саромеецца вобразу «суворага турыста». Магчыма, кажа, возьме на ўзбраеньне ня толькі гэты мэм, а і выбарчыя тэхналёгіі Ўладзімера Зяленскага — коміка, які стаў прэзыдэнтам Украіны.
Ці можа балятавацца?
У шэрагу СМІ ня раз паведамлялася, што Зялкоўскі жыў і працаваў у Бэльгіі і ў 2013 годзе, калі стаў мэмам, і пасьля таго, і прынамсі летась. Хоць на выбарах у 2014 годзе пазначалася, што жыве ён у Маладэчне.
Артыкул 80 Канстытуцыі Беларусі вызначае, што прэзыдэнтам Беларусі можа быць толькі чалавек, які «пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш дзесяці гадоў непасрэдна перад выбарамі».
На пытаньне аб адпаведнасьці гэтаму пункту Зялкоўскі адказаў Свабодзе: пастаянна жыве ў Беларусі, прапісаны ў Маладэчне, там жа і ажаніўся паўтара года таму.
«Я пражываў у Беларусі заўсёды, пасьля інстытуту мяне разьмеркавалі на „Белвар“, я адпрацаваў там 3 месяцы, цяпер гэты завод стаў банкрутам і там дыскатэка, потым на інструмэнтальным заводзе майстрам, а потым ужо пачаліся кароткія камандзіроўкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус абараніў дыплём пра інтэрнэт-мэмы ў СМІ. Ён кажа, усё сур’ёзнаАбноўлена, 6 лістапада: Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» сьцьвярджае, што Зялкоўскі хоча вылучацца ў прэзыдэнты ад БХД, хоць не зьяўляецца сябрам БХД.