Прафсаюз РЭП агучыў «плятформу патрабаваньняў» да ўладаў

Лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, 2018 год

Незалежны прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) падрыхтаваў «плятформу патрабаваньняў» да ўладаў, піша БелаПАН.

Чаго патрабуюць?

  • Скасаваць кантрактную сыстэму і аднавіць бестэрміновае найманьне на працу, калі праца не часовая;
  • скасаваць «дармаедзкія» дэкрэты і дэкрэт аб узмацненьні адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў;
  • зраўняць працаўнікоў і працадаўцаў у правах і зрабіць тэрмін даўнасьці па працоўных спрэчках роўным аднаму году (цяпер — год для працадаўцы, тры месяцы для працаўніка);
  • перагледзець мінімальны спажывецкі бюджэт (які цяпер складае 475,56 рубля) з улікам «рэальных патрэбаў» людзей;
  • вызначыць мінімальны заробак і мінімальную працоўную пэнсію роўнымі мінімальнаму спажывецкаму бюджэту для працаздольных;
  • тарыфную частку заробку зрабіць ня меншай за 70–80% усёй сумы;
  • дапамогу па беспрацоўі зрабіць у памеры 70% ад сярэдняга заробку за апошні год;
  • стымуляваць малы і сярэдні бізнэс да стварэньня новых працоўных месцаў з заробкамі, ня меншымі за сярэдні, праз падатковыя і крэдытныя льготы;
  • зьменшыць мінімальны пэнсійны стаж з 20 да 10 гадоў;
  • уключыць у пэнсійны стаж навучаньне ў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных вучэльнях, службу ў войску, дэкрэтны водпуск і водпуск па доглядзе за інвалідамі, час атрыманьня дапамогі па беспрацоўі;
  • скасаваць паніжальны каэфіцыент да пэнсій для людзей пэнсійнага ўзросту, якія працуюць, — пакуль сярэдняя працягласьць жыцьця не павялічыцца прынамсі на 5 гадоў;
  • даць маладым сем’ям права на адзін безадсоткавы крэдыт на 15 гадоў на куплю жытла;
  • абмежаваць цану квадратнага мэтра жытла, якое будуецца, памерам сярэдняга заробку па краіне;
  • пры нараджэньні дзіцяці прапанаваць бацькам-мужчынам трохтыднёвы водпуск;
  • паэтапна перайсьці на страхавую мэдыцыну;
  • увесьці грамадзкі кантроль за цэнамі на лекі;
  • увесьці льготы на камунальныя паслугі для пэнсіянэраў, сем’яў зь дзецьмі, у якіх даход на чалавека меншы за мінімальны спажывецкі бюджэт;
  • прапанаваць студэнтам-платнікам доўгатэрміновыя безадсоткавыя субсыдыі на адукацыю;
  • інвалідам і навучэнцам установаў сярэдняй спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі даць 50% ільготы на грамадзкі транспарт;
  • давесьці памер стыпэндый да мінімальнага спажывецкага бюджэту;
  • даць 30% ільготы на лекі для старэйшых за 60 гадоў і для тых, каму прымаць лекі трэба пастаянна;
  • спыніць практыку навязваньня лекаў беларускай вытворчасьці;
  • увесьці суд прысяжных і сыстэму абраньня судзьдзяў усіх узроўняў;
  • дазволіць паведамляльны прынцып рэгістрацыі прафсаюзаў;
  • адмяніць аплату дзяржаўных паслуг падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў для прафсаюзаў і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў;
  • увесьці адміністрацыйную адказнасьць за прымус да ўступленьня ў прафсаюзы і за дыскрымінацыю супрацоўнікаў па прыналежнасьці да прафсаюзаў;
  • замацаваць у заканадаўстве паведамляльны прынцып пры правядзеньні забастовак;
  • усталяваць празрыстую для платнікаў сыстэму падаткаабкладаньня, фармаваньня і расходаваньня бюджэтаў усіх узроўняў;
  • адмяніць дарожны падатак;
  • забясьпечыць рэалізацыю права на зьмяняльнасьць і падсправаздачнасьць улады шляхам «свабодных і кантраляваных грамадзкасьцю выбараў»;
  • абараніць незалежнасьць Беларусі — не дапускаць небясьпечных для сувэрэнітэту інтэграцыйных працэсаў, а таксама ўзмацненьня палітычнай, эканамічнай і вайсковай залежнасьці ад іншых дзяржаў.

Аўтары плятформы заяўляюць, што пералік патрабаваньняў можа дапоўніцца ў пэрспэктыве.

А то што?

РЭП ня будзе змагацца за акрэсьленыя патрабаваньні, сказаў Фядыніч.

«Безумоўна, разьлічваць, што нейкая структура — РЭП ці нейкая партыя — возьме на сябе гэтыя патрабаваньні і будзе змагацца за іх, няма сэнсу. Але мы падрыхтавалі гэтую плятформу для таго, каб зьвярнуцца да грамадзтва. Калі грамадзтва захоча, каб яго правы ў Беларусі забясьпечваліся, ёсьць шанец абʼяднаць людзей і паступова на практыцы рабіць сваё жыцьцё лепшым», — растлумачыў Фядыніч.

Прафсаюз РЭП у 2017 годзе

Плятформу апублікуюць на сайце прафсаюзу ў сацсетках і мэсэнджэрах, пад плятформай будуць зьбіраць электронныя подпісы. У працоўных калектывах яе будуць распаўсюджваць валянтэры РЭП. Англамоўную вэрсію дакумэнту накіруюць у замежныя амбасады, структуры Эўразьвязу і Міжнародную арганізацыю працы.