Cуд у расейскім Томску прысудзіў мясцоваму пасьлядоўніку рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы» Сяргею Клімаву шэсьць гадоў калёніі за арганізацыю экстрэмісцкай суполкі.
У сваім апошнім слове Сяргей Клімаў прызнаў сябе сьведкам Яговы, паведамляе томскае выданьне ТВ2. Клімаў, аднак, заявіў, што суд неабгрунтавана палічыў яго кіраўніком рэлігійнай арганізацыі.
«Уся мая дзейнасьць зьвязана з маімі рэлігійнымі перакананьнямі як фізычнай асобы, што гарантавана мне Канстытуцыяй РФ і не забаронена ніводным судом», — цытуе Клімава ТВ2.
- У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прызнаў рэлігійную арганізацыю «Сьведкі Яговы» экстрэмісцкай, забараніўшы яе дзейнасьць на тэрыторыі краіны. Пры гэтым, як адзначаў праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», у рашэньні суду «не было прыведзена ніводнага факту парушэньня вернікамі грамадзкага парадку, праяваў агрэсіі або гвалту зь іх боку, а таксама сьведчаньняў, што іхная дзейнасьць пагражала бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі».
- У сьнежні 2018 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на сустрэчы з чальцамі прэзыдэнцкай Рады ў правах чалавека назваў прызнаньне Сьведак Яговы экстрэмістамі «лухтой», заявіўшы, што яны таксама хрысьціяне і перасьледаваць іх няма за што.
- Тым ня менш з часу забароны ў Расеі некалькі соцень Сьведак Яговы трапілі пад крымінальны перасьлед, дзесяткі былі асуджаныя на рэальныя тэрміны зьняволеньня праз абвінавачаньне ў арганізацыі экстрэмісцкай дзейнасьці. Многія з арыштаваных вернікаў скардзіліся на катаваньні і зьдзекі падчас допытаў.
У што вераць Сьведкі Яговы
- Бог. Сьведкі Яговы вераць у адзінага праўдзівага і ўсёмагутнага Бога, чыё імя — Ягова.
- Біблія. Сьведкі Яговы вераць, што Біблія — гэта слова Бога. Яны засноўваюць усе свае вучэньні на 66 кананічных кнігах Бібліі. Пры гэтым яны прызнаюць, што частка Бібліі напісана вобразнай мовай і не павінна разумецца літаральна.
- Ісус Хрыстос. Яны вераць у тое, што Ісус Хрыстос — гэта Збаўца і Сын Бога, але лічаць, што вучэньне пра Тройцу не заснаванае на Сьвятым Пісаньні.
- Царства Бога. Яны вераць у тое, што адзіная надзея чалавецтва — Царства Бога як нябесны ўрад, які ў хуткім часе зьнішчыць сучасны парадак у сьвеце, у тым ліку ўсе чалавечыя ўрады, і створыць новы парадак, у якім будуць жыць толькі праведныя людзі.
- Збавеньне. Пазбаўленьне ад граху магчымае дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста. Для гэтага трэба верыць у Хрыста і хрысьціцца. Аднак збавеньне немагчыма заслужыць, яго можна атрымаць толькі дзякуючы Божай дабрыні.
- Нябёсы. Адносна невялікая колькасьць людзей, 144 000, уваскрэснуць для жыцьця нябеснага, каб кіраваць разам з Ісусам Хрыстом у Царстве Бога.
- Зямля. Сьведкі Яговы вераць, што Бог падорыць паслухмяным яму людзям дасканалае здароўе і вечнае жыцьцё ў раі на зямлі.
- Зло і пакуты. Паводле Сьведак Яговы, зло і пакуты зьявіліся, калі адзін з анёлаў паўстаў супраць Бога. Гэты былы анёл пасьля бунту быў названы Сатаной і Д’яблам. Ён спакусіў Адама і Еву, што мела для людзей жахлівыя наступствы.
- Сьмерць. Калі чалавек памірае, ён перастае існаваць. Бог не катуе людзей у пекле. Бог верне людзей да жыцьця праз уваскрашэньне. Тыя, хто пасьля ўваскрашэньня адмовіцца вучыцца Божым шляхам, будуць назаўжды зьнішчаныя.
- Сям’я. Сям’я разглядаецца як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, а развод лічыцца дапушчальным толькі ў выпадку сэксуальнай здрады мужа ці жонкі.
- Пакланеньне Богу. Сьведкі Яговы не ўшаноўваюць крыж ды іншыя выявы. Сярод іх формаў пакланеньня Богу — малітва, чытаньне і вывучэньне Бібліі, дапамога бедным і пацярпелым ад стыхійных бедзтваў.
- Арганізацыя. Сьведкі Яговы аб’яднаныя ў сходы, кожны зь якіх мае раду старэйшын. Аднак старэйшыны не атрымліваюць платы і не зьяўляюцца духавенствам. Дзейнасьць падтрымліваецца добраахвотнымі ахвяраваньнямі, якія робяцца ананімна.
- Адзінства. Сьведкі Яговы дэкляруюць, што робяць усё магчымае, каб сярод іх не было сацыяльных, этнічных, расавых ці клясавых падзелаў.
- Паводзіны. Сьведкі Яговы кажуць пра павагу да законаў любой краіны, калі тыя не пярэчаць законам Бога. Сярод забароненых Богам рэчаў яны называюць пераліваньне крыві. Сьведкі Яговы імкнуцца да міру і ня ўдзельнічаюць у войнах.
- Адносіны зь іншымі. Сьведкі Яговы спрабуюцца заставацца нэўтральнымі ў палітычных пытаньнях.
Паводле афіцыйнага сайту Сьведак Яговы