4 лістапада ЗША накіравалі афіцыйнае апавяшчэньне аб сваім выхадзе з кліматычнага пагадненьня ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, у адпаведнасьці з умовамі ўгоды, паведамляецца на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.
Адзначаецца, што выхад ЗША з пагадненьня адбудзецца праз год з моманту дастаўкі апавяшчэньня ААН.
Рашэньне выйсьці з Парыскага пагадненьня аб клімаце прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыняў у чэрвені 2017 году «з прычыны несправядлівага эканамічнага цяжару, ускладзенага на амэрыканскіх рабочых, прадпрыемствы і падаткаплатнікаў праз абавязаньні ЗША ў рамках пагадненьня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма пляну Б, бо няма плянэты Б»: эўрапейскія лідэры крытыкуюць Трампа за выхад з Парыскага пагадненьняЭўрапейскія лідэры тады выказалі абурэньне рашэньнем прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб выхадзе Штатаў, якія займаюць другое ў сьвеце месца ў забруджаньні навакольнага асяродзьдзя, з Парыскага пагадненьня пра клімат. Паводле навукоўцаў, адмова ЗША выконваць умовы пагадненьня можа паскорыць наступствы глябальнай зьмены клімату.
Пазьней Трамп казаў, што ЗША могуць зноў далучыцца да Парыскага пагадненьня, але яго трэба мяняць. Таксама ЗША абяцалі да 2025 году скараціць выкіды на 26-28% у параўнаньні з узроўнем 2005 году.
Парыскае пагадненьне, заключанае ў 2015 годзе амаль 200 краінамі, нацэлена на скарачэньне выкідаў, зь якімі зьвязваюць глябальнае пацяпленьне. Пратакол падпісала ў тым ліку Беларусь, аднак у сьнежні 2018 году Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, які пераносіць тэрмін прыняцьця захадаў у рэалізацыі Парыскага пагадненьня аб клімаце. Цяпер дакумэнты павінны быць распрацаваныя да 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь адкладае рэалізацыю пагадненьня, якое мае палепшыць клімат на плянэце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэта многа ці мала? Беларусь сабралася скараціць выкіды парніковых газаў на 35% ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкая школьніца год прапускае заняткі ў школе, каб ратаваць сьвет