Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала дакумэнт (PDF) аб асноўных напрамках бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі Беларусі на 2020–2022 год. У ім ёсьць і прагноз на вынікі 2019-га.
Па выніках 2019 году Мінфін чакае росту аб’ёмаў рэальнага валавага ўнутранага прадукту на 2,9% да мінулага году.
Гэта істотна менш, чым задача, якую ставіў на 2019 год Аляксандар Лукашэнка — плянаваўся рост ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах.
Бюджэт краіны на бягучы год фармавалі зыходзячы з кансэрватыўнага сцэнару росту эканомікі на ўзроўні 2,1%.
МВФ і Ўсясьветны банк чакаюць, што ў 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 1,5%. Паводле ацэнак Эўразійскага банка разьвіцьця, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырасьце на 1,2%.
За студзень — верасень 2019 году рэальны ВУП вырас усяго на 1% да студзеня — верасьня 2018-га.
За 2018 год ВУП Беларусі вырас на 3% да 2017-га пры афіцыйным прагнозе росту на 3,5%. На мінулую «пяцігодку» (2011–2015 гады) былі праваленыя абсалютна ўсе прагнозныя паказьнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Румас незадаволены беларускай эканомікай. Што зь ёй ня так і як гэта адаб’ецца на людзях
Прагнозы па ВУП на 2020 год — на любы густ
30 ліпеня ўрад Беларусі вызначыў эканамічныя задачы на 2020 год, у ліку якіх быў рост ВУП на 2,5%. Лукашэнка «палічыў пляны ўрада недастаткова напружанымі» — урад перапісаў прагноз. Рост ВУП цяпер плянуюць на 2,8%.
Бюджэт Беларусі на 2020 год пакуль разьлічваюць з прагнозу на рост ВУП на 1,9%.
Міжнародны валютны фонд прагназуе, што ў 2020 годзе ВУП Беларусі вырасьце ўсяго на 0,3%. Усясьветны банк пакуль больш аптымістычны: чакае росту ВУП Беларусі на 1,3% у 2020 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр па 2,25? Чаго ўлады чакаюць у 2020 годзе і што думаюць эканамісты
З інфляцыяй пакуль атрымліваецца
Рост цэнаў тым часам пакуль укладваецца ў прагнозы: паводле Мінфіну, у першым паўгодзьдзі чакалі 3,5% — выйшла 2,9%. На ўвесь 2019 год Лукашэнка ставіў задачу ўтрымаць індэкс спажывецкіх цэнаў у межах 5%.
З канца 2018 году да верасьня цэны вырасьлі на 3,4%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка насьцярожыўся: рост эканомікі «ня толькі сьціплы, але і вельмі няўстойлівы»
І тры гады дэфіцыту бюджэту
Бюджэт Беларусі на 2020 год пакуль плянуюць з дэфіцытам (паводле Мінфіну, ён складзе 1,4 млрд рублёў) і ўлікам стратаў ад расейскага падатковага манэўру і спыненьня перамытненьня нафты.
Але Мінфін чакае, што і ў 2021, і ў 2022 гадах будзе дэфіцыт бюджэту. Ды не такі вялікі: 0,2 млрд і 0,1 млрд рублёў адпаведна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінфін пацьвердзіў: Беларусь чакае страты звыш 400 млн даляраў безь перамытненьня расейскай нафты