Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што яму дзіўна чуць выказваньні, падобныя заяве кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ягоную краіну ўцягвалі ў розныя войны, цытуе яго Interfax.
«Мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзьвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю. Яны жылі на тэрыторыі сучаснай Расеі або Беларусі, але абаранялі сваю зямлю ад захопнікаў», — пракамэнтаваў Мядзьведзеў выказваньне Лукашэнкі на просьбу журналістаў.
Паводле кіраўніка расейскага ўраду, так было і ў 1812 годзе, і ў гады Першай і Другой сусьветных войнаў.
«Нашы бацькі і дзяды абаранялі сваю зямлю. Гэта ня ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы», — дадаў Мядзьведзеў.
У інтэрвію казахстанскаму тэлеканалу «Хабар», кажучы пра расейска-францускую вайну 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны, Аляксандар Лукашэнка заявіў:
«... Цяпер мы самі вырашаем свае пытаньні, мы самі распараджаемся сваім лёсам. Але самае галоўнае — Беларусь, ды і Казахстан, яны ж заўсёды былі пад чыімсьці бізуном, вось як я часта кажу. Хтосьці намі панукваў, хтосьці спрабаваў на калені паставіць, асабліва Беларусь. Усе гэтыя войны — ня нашы войны!»