У Менску зьявіліся інсталяцыі з манэкенамі і коцікамі. ФОТА

Ананімная інсталяцыя на сацыяльную тэму ў Менску

На бульвары Талбухіна пад дрэвам паставілі драбіны, па якіх лезе манэкен у яркай аранжавай шапцы, каб ратаваць коціка. Арганізатары кажуць, што такіх інсталяцый у Менску будзе некалькі, і ўсе на сацыяльныя тэмы.

Хлопец, які сочыць, каб са скульптурай нічога ня здарылася, патлумачыў, што паставілі яе, «каб у сьвеце стала болей дабрыні». Ён жа перадаў журналістам кантакты арганізатараў акцыі.

Дзяўчына Паліна паведаміла, што інсталяцыю зрабіў беларускі мастак, які пакуль «просіць не раскрываць свайго імя».

«Такіх скульптурных кампазыцый у цэнтры некалькі — і ўсе на сацыяльныя сюжэты, — паведаміла Паліна. — Кожны сюжэт — спроба прыцягнуць увагу мінакоў і прымусіць задумацца пра тое, што важна».

Яшчэ адна інсталяцыя каля кінатэатру «Кастрычнік» у Менску

Пазьней стала вядома, што аўтар інсталяцый — беларускі скульптар Андрэй Бусел, а зроблены яны ў рамках піяр-акцыі расейскай сацыяльнай сеткі «Одноклассники». Арганізатары акцыі зазначылі, што матэрыялам для скульптур знарок выбралі ўжо скарыстаныя поліэтылен і скотч. «Каб дабрыні ў горадзе стала больш, а сьмецьця менш», — кажуць яны.

Інсталяцыя каля станцыі мэтро «пл. Якуба Коласа» непадалёк ад кавярні «Зерно»

Інсталяцыя каля станцыі мэтро «Ўсход», побач з унівэрсамам «Шчасьце»