На Зьмітра Казакевіча склалі пратаколы паводле артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу за хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
Таксама вызвалены непаўналетні Іларыён Т. На сваёй старонцы ў Фэйсбук ён паведаміў, што затрыманых тапталі нагамі ў міліцэйскім мікрааўтобусе.
«Інспэктар зазначыў, што так як гэта чацьвёрты мой пратакол — суд будзе вырашаць мой лёс адпраўкай у спэц. установу закрытага тыпу на 2 гады», — напісаў ён.
Яшчэ чацьвёра затрыманых застаюцца пад вартай.
Удзень 3 лістапада адзін з актывістаў курапацкай варты Зьміцер Казакевіч, які цяпер зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паспрабаваў прайсьці на тэрыторыю рэстарану «Поедем-поедим», які месьціцца ў Курапатах і супраць якога ўжо доўгі час пратэстуюць актывісты. Аднак ахова адрэагавала вельмі жорстка і не прапусьціла яго.
У выніку канфлікту акрамя Зьмітра Казакевіча былі затрыманыя яшчэ пяць чалавек з курапацкай варты — Валер Рабцаў, Дзяніс і Максім Урбановічы, Іларыён Т. і Віталь Трэгубаў. Іх пасадзілі ў прапаркаваны непадалёк міліцэйскі мікрааўтобус і адвезьлі ў Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі.
Пазьней Дзяніс Урбановіч паведаміў, што затрыманых зьбівалі, а сам ён знаходзіцца ў Бараўлянскім шпіталі з траўмай шыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбылося шэсьце і мітынг на Дзяды. ФОТА, ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах зьнялі кліп на песьню расстралянага паэта. ВІДЭА