Супрацоўнік амэрыканскай выведкі, чыя ананімная скарга прывяла да спробы імпічмэнту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, гатовы адказаць на пісьмовыя пытаньні прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі. Пра гэта заявіў адвакат выведніка Марк Заід.
Той будзе адказваць на пытаньні «пад прысягай і зь юрыдычнай адказнасьцю за ілжэсьведчаньні», — сказаў Заід. Аднак пры гэтым інфарматар ня будзе адказваць на пытаньні, якія могуць выкрыць ягоную асобу, бо гэта магло б паставіць пад пагрозу ягоную бясьпеку і бясьпеку ягонай сям’і.
Дональд Трамп у нядзелю чарговы раз заклікаў інфарматара назваць сваё імя, хоць гэта і пярэчыць звычайнай практыцы ў такіх выпадках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік штабу Трампа казаў, што сэрвэр Дэмпартыі ЗША ўзламала ЎкраінаНагодай для расьсьледаваньня з магчымасьцю імпічмэнту стала тэлефонная размова ў верасьні, у якой Трамп заклікаў ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага правесьці расьсьледаваньне адносна свайго палітычнага суперніка, дэмакрата Джо Байдэна. Камітэт у справе выведкі Палаты прадстаўнікоў 26 верасьня апублікаваў тэкст скаргі з купюрамі:
«У працэсе выкананьня маіх афіцыйных абавязкаў, я атрымаў інфармацыю ад шмат каго з супрацоўнікаў Ураду, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў выкарыстоўвае свае ўладныя паўнамоцтвы, каб прасіць аб умяшаньні замежнай дзяржавы ў амэрыканскія выбары-2020. Умяшаньне ўключае, разам з іншым, аказаньне ціску на замежную дзяржаву, каб яно правяло расьсьледаваньне аднаго з галоўных мясцовых супернікаў прэзыдэнта. Асабісты адвакат прэзыдэнта містэр Рудольф Джуліяні — цэнтральная фігура ў гэтых намаганьнях. Складваецца ўражаньне, што ў гэта уцягнуты і генпракурор Бар», — гаворыцца ў тэксьце.
«Я не непасрэдны сьведка ўсіх апісаных падзей. Аднак я лічу дакладнымі расказы маіх калег пра гэтыя падзеі, паколькі, амаль ва ўсіх выпадках, шматлікія афіцыйныя асобы ўспаміналі фактычныя заканамернасьці, якія ўзгадняліся адзін з адным. У дадатак, разнастайная інфармацыя, якая супадае з гэтымі прыватнымі сьведчаньнямі, была ў публічным доступе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова жыхароў ЗША выступае за імпічмэнт Трампу, палова — супраць