Актывісты выступілі на пікеце кандыдатаў ад БСДП (Грамада) Ігара Маслоўскага і Ганны Канюс.
Вялікі мітынг праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ля Берасьця быў заплянаваны на 3 лістапада ў якасьць перадвыбарчага мерапрыемства адзінага зарэгістраванага ў якасьці кандыдата ў дэпутаты актывіста Уладзіміра Мароза.
Аднак за два дні да правядзеньня мітынгу Мароза зьнялі з удзелу ў выбарах рашэньнем тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, якая паведаміла аб выяўленых парушэньнях з боку Мароза. Нягледзячы на гэта анансаваны мітынг адбыўся амаль у тым самым месцы і ў той самы час.
Актывістаў падтрымалі кандыдаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс. На пляцоўцы насупраць берасьцейскага палацу культуры Прафсаюзаў сабралася каля 200 чалавек.
«Мы ад самага пачатку былі на баку пратэстоўцаў, яшчэ ў першым сходзе ў Тэльмах удзельнічалі, — расказаў Свабодзе Ігар Маслоўскі. — Магчыма, не так актыўна гэта было, але мы заўсёды выступалі супраць гэтага прадпрыемства ў такой форме, у якой яно будавалася. Таму зараз вырашылі падтрымаць актывістаў, запрасіць іх выступіць на нашым пікеце.
Ці не баюся я, што ўлады здымуць мяне і Ганну з выбараў пасьля гэтага? Мы ўсё робім па законе, у нас няма парушэньняў. Калі нейкія захады будуць з боку ўладаў, мы можам зьняць усіх сваіх кандыдатаў па Берасьцейскай вобласьці з выбараў. Гэта дзевяць чалавек. Мы гатовыя і да гэтага».
Акрамя Ігара Маслоўскага і Ганны Канюс на пікеце выступілі таксама актывісты Дзьмітрый Бекалюк, Аляксандар Кабанаў, Сяргей Пятрухін і іншыя. Зьняты з выбараў кандыдат ад «акумулятаршчыкаў» Уладзімір Мароз таксама быў на мітынгу, аднак з прамовай не выступаў.
«Як мяне здымалі, гэта цэлая камэдыя была, — расказаў Свабодзе Мароз. — Званіць пачалі яшчэ ў чацьвер увечары, ужо пасьля завяршэньня працоўнага дня. Я быў заняты, не чуў тэлефона. Потым гляджу — а там 27 прапушчаных. Ад старшыні выбарчай камісіі. Званю, запрашаюць прыходзіць на паседжаньне.
Прыйшлі мы, назіральнікі ад АБСЭ. Улёткі гэтыя аднекуль зьявіліся (Мароза абвінавацілі ў вырабе незаконных агітацыйных матэрыялаў. — РС). Я да іх ніякага дачыненьня не маю. Толькі паседжаньне кончылі, мне адразу паперу на подпіс даюць. Пар тое, што мяне здымаюць з выбараў. Я кажу, дык камісія толькі сабралася, адкуль у вас ужо рашэньне гатовае ёсьць? Цырк».
Па словах ужо былога кандыдата ў дэпутаты, паводле закону ён мае тры дні на абскарджаньне рашэньня выбарчай камісіі, аднак мітынг яму забаранілі праводзіць ужо ў пятніцу. На выказваньне Аляксандра Лукашэнкі аб кандыдатах-«акумулятаршчыках», якія ірвуцца ў Менск, Мароз таксама рэагуе эмацыйна.
«Гэта мы што, тут два гады змагаемся толькі для таго, каб у Менск пераехаць? — пытаецца Мароз. — Я тут для таго, каб мой дзіцёнак здаровы рос, а не каб некуды пераехаць. Мы тут усе дзеля сваіх дзяцей, у каго хочаце запытайце. І я вам яшчэ раз скажу — завода працаваць не будзе. Мы ўсе тут супраціўляемся законнымі мэтадамі, не трэба нас правакаваць».
Мітынг працягваўся крыху больш за гадзіну, міліцыянтаў у форме вакол заўважана не было, правядзеньню мерапрыемства ніхто не перашкаджаў. Наступныя акцыі актывісты плянуюць правесьці праз тыдзень. Па іх словах, так званая «сьвінцовая варта» ля будынку завода і кармленьне галубоў на галоўнай плошчы Берасьця таксама будуць працягвацца да канчатковага закрыцьця завода кампаніі «Ай-Пауэр».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.