З сатырычнай ініцыятывай па ўвекавечваньні кіраўніка дзяржавы зьвяртаўся ў Магілёўскі гарвыканкам і гарсавет жыхар абласнога цэнтру Аляксей Паўлоўскі. Ягоны зварот падтрымалі сваімі подпісамі 68 магілёўцаў.
У адказе Паўлоўскаму адпісалі, што ягоная ініцыятыва супярэчыць закону «Аб найменьні геаграфічных аб’ектаў». Згодна з артыкулам 16 «не дапускаецца ўвекавечваньне імён, што маюць заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, у найменьнях геаграфічных аб’ектаў пры іхным жыцьці».

Плошча, якой Паўлоўскі хоча надаць імя Лукашэнкі
Сам Аляксей Паўлоўскі зьбіраецца абскарджаваць рашэньне чыноўнікаў, паколькі лічыць «заслугі Лукашэнкі перад дзяржавай і грамадзтвам вартыя таго, каб яго імем назвалі плошчу і паставілі ягоны бюст».
«Калі ў кожным кабінэце вісіць партрэт Лукашэнкі, то чаму нельга яго ўшанаваць назваўшы плошчу ягоным імем, – абураецца Паўлоўскі. – Няўжо нельга зрабіць выключэньне. Ён 25 гадоў не вылазіць з тэлевізара і «дурыць» галовы людзям, а яму вераць. Акрамя таго, Лукашэнка з Магілёўскай вобласьці».

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі прапануе назваць плошчу імем Лукашэнкі, якая перад Магілёўскім гарвыканкамам. Бюст жа паставіць у адмысловай нішы фасаднай сьцяны дыягнастычнага цэнтру, які на гэтай жа плошчы.
Ідэя ўвекавечыць Лукашэнку ў Паўлоўскага зьявілася пасьля ініцыятывы старшыні абласной арганізацыі вэтэранаў Анатоля Глаза назваць тую ж плошчу імем кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Прапанову тапанімічная камісія пры гарвыканкаме не падтрымала, матывуючы гэта «неадпаведнасьцю маштабаў аб’екта і асобы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На жаль, я пакуль яшчэ ня Бог». 65 цытат ад Лукашэнкі ў ягоны юбілей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрэагавалі Зяленскі і Лукашэнка на падарункі? ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку падарылі ягоную статую. ФОТА і ВІДЭА