Кінакрытык Ірэна Кацяловіч прапануе бліц-агляд самых цікавых, на яе думку, стужак замежнага кінэматографу, якія будуць паказаныя на сёлетнім Менскім міжнародным кінафэстывалі «Лістапад».
«А потым мы танцавалі» Левана Акіна
Фурор на Канскім кінафэстывалі, шэсьце па буйных эўрапейскіх кінафэстывалях, вылучэньне на прэмію «Оскар» ад Швэцыі… і халоднае адчужанасьць Грузіі. «А потым мы танцавалі» — напэўна, першы грузінскі фільм пра геяў, і з праблемамі ён сустрэўся яшчэ падчас здымак. Каб расказаць любоўную гісторыю двух танцораў народных танцаў, здымачнай групе давялося прымаць пагрозы, наймаць целаахоўнікаў і хаваць імёны датычных да праекту. У лістападзе фільм мусіць выйсьці ў грузінскі пракат, але ультраартадоксы абяцаюць заблякаваць паказы. У грузінскім танцы, — кажуць, — гомасэксуалістаў няма. Тым ня менш гэты «фантастычны» фільм зьбірае фэстывальныя ўзнагароды адну за адной, а на «Лістападзе» ўдзельнічае ў асноўным конкурсе мастацкага кіно.
«Даймохк» Машы Новікавай
Невядома якім чынам, але рэжысэрка дакумэнтальнага фільму «Даймохк» Маша Новікава апынулася ў такіх чачэнскіх закутках, у якія ня кожны можа трапіць. Гаворка быццам бы ідзе пра дзіцячы ансамбль песьні і танца, імем якога названая карціна, але праз герояў, што вырасьлі ў ансамблі, а цяпер сталі такімі і сякімі (напрыклад, «трэцяй жонкай» кіраўніка рэспублікі), паказвае страшную, глыбокую, вымушана нямую драму. Праз створаны Рамзанам Ахмадавым калектыў расказваецца аб колішняй яго папулярнасьці ў Эўропе, чачэнскім канфлікце ды імклівым узвышэньні сям’і Ахмадавых, але галоўнае — аб свабодзе і абмежаваньнях. Хоць рэжысэрцы самой першай асобай было дазволена здымаць усё і паўсюль, унутраную цэнзуру сваіх герояў перамагчы яна не змагла.
«Сьвістуны» Карнэлію Парумбою
Дастаткова ўбачыць іранічную і абсурдную нятленку Парумбою «12:08 на ўсход ад Бухарэсту», каб пачаць зяўзята сачыць за ўсім, што робіць адзін з найгалоўнейшых прадстаўнікоў румынскай «новай хвалі». «Сьвістуны» — гэта вострасюжэтны фільм з наркагандлярамі, femme fatale і паліцыянтам-няўдачнікам з Бухарэсту. Але Парумбою ня быў бы сабою, калі б не перайначыў папулярны жанр і не прадставіў у такой абгортцы адзін з самых, згодна з водгукамі кінакрытыкаў, дзіўных фільмаў-удзельнікаў Канскага кінафэстывалю. Адмыслова для фільма аўтар стварыў новую мову «сільба» — пад яе сьвіст фільм-нуар рэжысэра трансьлюе знаёмую гледачу румынскую дасьціпнасьць ды шыкоўныя ў сваёй парадаксальнасьці дыялёгі і ўсёпаглынальную іронію.
«Сьведкі Пуціна» Віталя Манскага
На адзіны паказ «Дзяржаўнага пахаваньня» Сяргея Лазьніцы квіткоў ужо няма, таму варта дабрацца хаця б да Віталя Манскага. Яшчэ ў 1990-х вядомы дакумэнталіст рабіў перадвыбарчы фільм Уладзіміра Пуціна, а потым пераабуўся і ўжо ў 2018 годзе выкарыстаў сваю унікальную хроніку ў падрыўной дакумэнтальнай стужцы «Сьведкі Пуціна». Тут цікава глядзець усё: як для сваёй перадвыбарчай кампаніі будучы прэзыдэнт наведвае першую настаўніцу, як у непантовым швэдары падымае келіх віна ў гонар перамогі, як Барыс Ельцын ня можа дазваніцца да свайго пераемніка, як Пуцін разважае пра ўладу.
«Размаляваная птушка» Вацлава Маргоўла
Самая супярэчлівая і скандальная карціна сэзону, якую называюць то шэдэўрам, то правалам, што марна праводзіць гледача праз дзевяць колаў пекла. Забіць нагой у вагіну бутэльку, дастаць лыжкай вочныя яблыкі, спаліць шашка — «Размаляваная птушка» ўзводзіць жудасьць у абсалют. Падчас Другой сусьветнай вайны маці адпраўляе сына да бабулі, каб габрэйскі хлопчык змог пазьбегнуць жахаў вайны — і ён сапраўды пазьбягае яе батальнага ўвасабленьня, але сустракае нешта ня менш зьнішчальнае. Натхнёны карцінай Элема Клімава «Ідзі і глядзі» і зьняты па кнізе амэрыканскага пісьменьніка польскага паходжаньня Ежы Касіньскага, фільм заходзіць настолькі далёка, што прымушае нават падрыхтаваных гледачоў зьбягаць на сьвежае паветра. Тым ня менш амаль тры гадзіны з Уда Кірам, Харві Кэйтэлем, Стэланам Скарсгардам і Аляксеем Краўчанкам, тым самым пасівелым хлопчыкам з «Ідзі і глядзі» належаць ці не да самых чаканых на «Лістападзе».
«Акварэль» Віктара Касакоўскага
Той выпадак, калі трэба лавіць момант і глядзець карціну на вялікім экране, інакш лепей увогуле не глядзець. Амаль што клясык расейскай дакумэнталістыкі неяк задумаў стварыць фільм у фармаце 96 кадраў у сэкунду, толькі сьвет аказаўся да гэтага не гатовы. Кінатэатраў, здольных прыняць прасунутую «Акварэль», дзе толькі вада, вада і вада, знайшлося пару штук, таму на прэм’еры карціны ў Вэнэцыі ў сэкунду паказвалася ўсяго 48 кадраў. Так будзе і на адзіным паказе ў Мінску, але тым ня менш ён будзе раскошным. Калегі рэжысэра раз-пораз іранічна, а можа зайздросьліва, пытаюцца: «Ну і ў чым жа сэнс фільма?», але сэнсаў тут шукаць ня трэба — трэба толькі прыйсьці на паказ, замерці і ня хутка адмерці.
«Божае цела» Яна Камасы
І антычная трагедыя, і хіпстарскае асэнсаваньне «польскага пекла». «Божае цела», якое атрымала запрашэньне прынамсі на шэсьцьдзясят кінафэстываляў, на некаторых ужо выклікала фурор і стала адным зь лідэраў пракату ў сябе на радзіме, можна назваць галоўнай польскай карцінай за апошні час, да таго ж вылучанай на прэмію «Оскар». Сюжэт расказвае аб злачынцы, які замест таго, каб адправіцца на прымусовую працу, спыняецца недзе ў правінцыі і выдае сябе за сьвятара. Дваццацігадовы ашуканец тым ня менш дапамагае гарадку выкрыць і адрэфлексаваць нешта надзвычай глыбокае і важнае. Сакральная тэма рэлігіі, намёк на разьдзяленьне грамадзтва пасьля Смаленскай катастрофы, фальш богаўгодных рытуалаў пры схаванай унутры нянавісьці — з такім наборам «Божае цела», якое прагучала ў Польшчы як выбух, становіцца абавязковым адкрыцьцём на кінафэстывалі «Лістапад».
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.