Напярэдадні гастрольнага туру па Беларусі Лявон Вольскі выклаў у інтэрнэт новы кліп на песьню «Зіма» з альбома «Гравітацыя» (2019).
Апэратарка і рэжысэрка кліпу — Сьвятлана Казлоўская, мастачка — Ірына Забела.
«Тое, што адлюстравана ў кліпе, — як ні дзіўна, нашае звыклае тло для жыцьця, тое, што мы навучыліся старанна не заўважаць. Гэта сапраўдная зіма ў „краіне сьветлага заўтра“, зіма, якая расьцягнулася на дзесяцігодзьдзі», — так кажа пра кліп сам Лявон Вольскі.
А вось што кажа рэжысэрка:
«Знаёмая горыч зімы ў краіне, дзе вясна не надыходзіць ужо дваццаць пяць гадоў. Усё менш дзейнічаем, менш гаворым, менш спрачаемся — страшна губляць рэшту цяпла ды розуму. Засвоілі, што Дзед Мароз ня сыйдзе, „вы самі ўсё разумееце“, ды паслухмяна водзім карагоды».
2 лістапада гурт VOLSKI распачне гастрольны тур па Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як жыць далей, горад ці вёска, Ленін ці Ленан. Пра што пыталіся ў Вольскага фундатары альбому «Гравітацыя»Новы альбом Лявона Вольскага «Гравітацыя» выйшаў у лютым 2019 году. У Менску ён быў прэзэнтаваны з аншлягам 2 сакавіка.
Як і папярэдні альбом, «Гравітацыя» была запісаная ў Вільні з нарвэскім саўндпрадусарам Снорам Бэргерудам, яна завяршае трылёгію альбомаў «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016). Канцэпцыя альбому — гісторыя чалавечага жыцьця ад нараджэньня да скону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лявон Вольскі апублікаваў адразу два кліпы. ВІДЭА