У Сэуле перасталі забіваць сабак для ежы

Сабакі ў клетцы на сабачай фэрме на ўскрайку Сэулу, лістапад 2017.

Мэр Сэулу Пак Вансун заявіў, што ў горадзе на гэтым тыдні была закрытая апошняя бойня для сабак.

«Шляхам пераконваньня на працягу многіх гадоў мы спынілі ўсе забоі ў Сэуле. Мы будзем утрымліваць горад як месца, свабоднае ад забою сабак, каб павысіць годнасьць існаваньня зьвяроў», — цытуе мэра Сэулу New York Post.

Мэр дадаў, што ён вырашыў спыніць у паўднёвакарэйскай сталіцы шматвяковую практыку забіваньня сабак для мяса, калі на пачатку гэтага году паглядзеў мультфільм пра бадзяжных шчанюкоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія правы маюць жывёлы ў Беларусі і краінах Эўразьвязу

New York Post адзначае, што па ўсёй краіне папулярнасьць сабачага мяса ўпала ў апошнія месяцы, а апытаньне, праведзенае летась, паказала, што 70 працэнтаў жыхароў Паўднёвай Карэі больш ня хочуць спажываць такую ежу.

У чэрвені сёлета ў карэйскім парлямэнце быў зарэгістраваны законапраект, які цалкам забараняе спажываньне сабачага мяса, але да гэтага часу заканадаўцы яго не зацьвердзілі.