Амбасада Ізраілю ў Менску аднавіла працу пасьля страйку, дыпляматы не дамагліся свайго

Сьцяг дзяржавы Ізраіль

Ізраільскія дыпляматычныя місіі ад 1 лістапада аднаўляюць працу ва ўсіх краінах. Гэта Свабодзе пацьвердзілі ў амбасадзе Ізраілю ў Менску — супрацоўнікі вярнуліся да выкананьня сваіх абавязкаў.

31 кастрычніка ізраільскі суд у працоўных канфліктах выдаў часовую забарону на працяг распачатага днём раней страйку ў амбасадах і кансулятах Ізраілю. Пастанова будзе дзейнічаць 25 дзён, на працягу якіх МЗС і Міністэрства фінансаў мусяць урэгуляваць рознагалосьсі.

Падставай да страйку стала рашэньне Мінфіну запатрабаваць у дыпляматаў вярнуць прадстаўнічыя выдаткі, не падмацаваныя дакумэнтальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Ізраілю вырашыла часова закрыць амбасады па ўсім сьвеце. У тым ліку ў Менску

30 і 31 кастрычніка праз працоўны канфлікт былі зачыненыя 103 ізраільскія дыппрадстаўніцтвы па ўсім сьвеце, уключна з амбасадай у Беларусі.

Раней на сайце МЗС Ізраілю было апублікавана паведамленьне аб тым, што ўсе амбасады і консульства гэтай дзяржавы прыпынілі працу ў сувязі са страйкам, выкліканым канфліктам дыпляматычнага ведамства зь Міністэрствам фінансаў. У МЗС адзначылі, што дыпляматам не пакінулі іншага выбару.