Ужо шостага кандыдата ў дэпутаты ад апазыцыйнага руху «Эўрапейская Беларусь» здымаюць з выбараў. Некаторых зьнялі канчаткова, нехта яшчэ абскарджвае рашэньні выбаркамаў і працягвае агітацыю.
Як паведамілі Свабодзе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, па ўсёй краіне з выбараў ужо зьнялі 9 кандыдатаў, яшчэ 22 зьнялі свае кандыдатуры самі. Адзін кандыдат быў адноўлены рашэньнем выбаркаму, адзін аднавіўся праз суд. З пачатковых 560 кандыдатаў застаўся 531.
Усяго ад «Эўрапейскай Беларусі» зарэгістравалі 14 кандыдатаў — здымаюць 43% зь іх. У ліку «канчаткова зьнятых» — 35-гадовы Павал Юхневіч, які балятаваўся ў Менскай-Пушкінскай акрузе. Яму выносілі папярэджаньні за няўзгодненыя пікеты і раздачу візытовак, якія палічылі агітацыйнымі матэрыяламі; скаргу адхілілі.
«Гэта не было нечаканасьцю ні для кога, хоць я спадзяваўся пасьля першага папярэджаньня, што яшчэ тыдзень-паўтара ў мяне будзе, — расказвае Свабодзе Юхневіч. — Але ўсё атрымалася даволі хутка.
Я магу патлумачыць гэта толькі адным: калі глядзець агулам на сытуацыю і ўсіх апазыцыйных кандыдатаў, дык ёсьць тыя, хто нічога ня робіць; тым ніякіх папярэджаньняў і не выносяць. Я ведаю, што некаторыя кандыдаты сваю кампанію абмяжоўваюць выступам на тэлевізіі і радыё — і на гэтым усё, маўляў, зрабіў, што мог».
Кандыдаты «Эўрапейскай Беларусі», кажа ён, паводзяць сябе актыўна і карыстаюцца ўсімі легальнымі магчымасьцямі, таму іх і здымаюць. Найбольш актыўных апазыцыянэраў «адсякалі» на этапе збору подпісаў, цяпер гэта робіцца на этапе агітацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейца пазбавілі статусу кандыдата ў дэпутаты за вучобу ў Польшчы. Ці гэта законна?Юхневіч бачыць некалькі выключэньняў, калі актыўных апазыцыянэраў яшчэ не здымаюць з выбараў.
Тыя, хто яшчэ абскарджвае рашэньне аб зьняцьці, яшчэ праводзіць агітацыю, хоць шанцаў на аднаўленьне ў статусе наўрад ці багата.
«Ніхто ж не разьлічваў, што раптам нехта з нас пераможа на выбарах і трапіць у парлямэнт: усе разумеюць, што сумленных выбараў у Беларусі няма, — тлумачыць Юхневіч. — Ніхто не загадваў наперад. Хіба маё асабістае спадзяваньне было, што нам дадуць крыху больш магчымасьцяў пашумець, паказаць сябе».
Стэфановіч: да выбараў можа не дайсьці ніхто з апазыцыі
Экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч кажа Свабодзе, што поўнай статыстыкі пра зьнятых кандыдатаў пакуль няма, бо зьвесткі пра папярэджаньні «паступаюць ледзь ня кожны дзень».
«У мяне складаецца такое ўражаньне, што ўлады вярнуліся да ранейшых найгоршых практык нядопуску апазыцыі да выбараў, – мяркуе Стэфановіч. – Я не зьдзіўлюся, калі да ўласна выбараў ніхто з апазыцыі ня дойдзе. Папросту іх ня будзе ў бюлетэнях».
Прычыны здыманьня «вельмі часта выклікаюць пытаньні» ў праваабаронцаў: найперш прычыны цэнзуры тэлевыступаў «нейкія непісьменныя, нават абсурдныя», адзначае ён.
У прыклад ён прыводзіць забарону выступу з фразай пра «крывыя рукі будаўнікоў БелАЭС». Цяпер даюць папярэджаньні і за тое, за што раней не папярэджвалі: напрыклад, калі чалавек даваў заяву на адпачынак на працы ня з моманту рэгістрацыі кандыдатам, а праз два ці тры дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апрычнікі і крыварукія будаўнікі АЭС. За якія словы здымаюць з эфіру выступы кандыдатаўПарлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».