Забіты на загад Сталіна. Рэпрэсаванаму пісьменьніку Васілю Кавалю паставілі памятны знак у роднай вёсцы

Памятны знак Васілю Кавалю

Памятны знак рэпрэсаванаму ў часы сталінскага тэрору пісьменьніку Васілю Кавалю адкрылі 30 кастрычніка ў ягонай роднай вёсцы Сава, што ў Горацкім раёне на Магілёўшчыне. Ініцыявала мэмарыял вясковая грамадзкасьць, яе падтрымаў сельскі савет.

Васіля Каваля расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Адначасова зь ім на загад Сталіна і Молатава супрацоўнікі НКВД забілі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Забралі Каваля 2 лістапада 1936 году.

Сьцісла пра Васіля Каваля

  • Нарадзіўся 17 жніўня 1907 году ў сям’і былога царскага ўрадніка.
  • Вучыўся ў Магілёўскім пэдагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.
  • Друкавацца пачаў у 1925 годзе. Дэбютаваў вершамі. Пазьней стаў пісаць прозу.
  • У 1927 годзе выйшла першая кніга — «Як вясну гукалі».
  • Да арышту ў 1936-м выдаў яшчэ 4 кніжкі.
  • Займаўся перакладамі на беларускую мову расейскіх пісьменьнікаў.
  • Пасьля рэабілітацыі ў 1957 годзе пабачылі сьвет тры зборнікі ягоных твораў.
  • У 1966 годзе ўрывак апавяданьня «Сьледапыт» увайшоў у «Хрэстаматыю па беларускай дзіцячай літаратуры». А ў 1967-м твор «Ілька» — у першы том «Анталёгіі беларускага апавяданьня».
  • Апошняя кніга, «Избранное», выйшла на расейскай мове ў 1975 годзе накладам 200 тысяч асобнікаў. Больш ягоных кніжак не друкавалі.

Дачка пісьменьніка: «Калі даведалася, хто мой тата, былі блытаныя пачуцьці»

Памятны знак Васілю Кавалю паставілі каля мясцовай школы на вуліцы, названай ягоным імем. На адкрыцьцё сабраліся вяскоўцы, кіраўніцтва сельсавету і горацкага райсавету. Зь Менску прыехалі родныя пісьменьніка: дачка Аліна Васільеўна, унукі і праўнукі.

Дачка Васіля Каваля — Аліна

Аліна Васільеўна Таржыцкая ня памятае бацькі. Яго расстралялі, калі ёй было два месяцы. Пра тое, што Васіль Каваль — яе бацька, даведалася пасьля ягонай рэабілітацыі ў 1957 годзе. Як яна кажа, у той жа год пазнаёмілася з родзічамі бацькі.

«Вядома ж, я лічыла сваімі бацькамі тых, хто мяне выгадаваў як родную, — згадвае Аліна Васільеўна эмоцыі ад той навіны. — Калі даведалася пра тату, то пачуцьці былі блытаныя праз тое, што лёс так склаўся».

Трагічны лёс бацькі і маці

Да 20 гадоў Аліна Васільеўна жыла пад прозьвішчам свайго айчыма — Сапетка. Яе маці Паліна Басікевіч, акторка Тэатру юнага гледача, выйшла за Анатоля Сапетку, каб уратавацца ад рэпрэсій.

Ейны лёс таксама склаўся трагічна. Яна загінула ў менскім гета. Дачку ўратавала жыхарка Менску Алена Смольская, якую ў 1998 годзе ўганаравалі званьнем Праведнік народу сьвету. Па вайне яна выйшла за Анатоля Сапетку. Яны і гадавалі Аліну.

Родныя Васіля Каваля каля памятнага знаку яму

Аліна Васільеўна скончыла факультэт замежных моў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выйшла замуж за вайскоўца і «20 гадоў вандравала» зь ім Савецкім Саюзе. У 1983 годзе, як муж дэмабілізаваўся, разам зь ім вярнулася ў Менск. У іх двое дарослых дзяцей, унукі, праўнукі. Сваё жыцьцё прысьвяціла настаўніцтву.

Ініцыятарка ўшанаваньня Васіля Каваля: «Нельга быць бяспамятнымі»

Па словах жыхароў Савы, вуліцу імем Васіля Каваля назвалі больш за дзесяць гадоў таму. На ёй цяпер школа, а раней стаяла хата бацькоў пісьменьніка.

Лідэрка ініцыятыўнай групы па ўшанаваньні пісьменьніка Алена Бірчанка кажа, што думка паставіць яму памятны знак зьявілася ў 2012 годзе. Пра Васіля Каваля яна ведала з маленства. А ў школе чытала ягоныя кніжкі.

Лідэрка ініцыятыўнай групы па ўшанаваньні Васіля Каваля Алена Бірчанка

14 траўня 2013 году Алена Анатольеўна зьвярнулася да жыхароў Савы са сваёй ідэяй праз абвесткі. Ажыцьцявіць задуманае дапамагаў ёй муж, былы вайсковец, Міхаіл Фёдаравіч.

«Я тады напісала, — згадвае яна, — што варта ўшанаваць вядомага земляка і што нельга быць бяспамятнымі».

Дасьледчык творчасьці Васіля Каваля: «Прызнаў віну, каб выбавіць ад рэпрэсій жонку і дачку»

Горацкі краязнаўца Ўладзімер Ліўшыц у 1993 годзе, зьбіраючы матэрыял для сваёй кнігі «Раскопкі каля Горацкага Парнаса», з дазволу кіраўніка КДБ Беларусі пагартаў асабістую справу Васіля Каваля. Па ягоных словах, у ёмістай тэчцы былі ордэр на арышт, пратаколы допытаў, даведка аб расстрэле. Дакумэнту пра месца пахаваньня не было.

Паводле краязнаўцы, арыштавалі Васіля Каваля 2 лістапада 1936 году. У пастанове гаварылася, што ён «зьяўляецца актыўным удзельнікам контрарэвалюцыйнай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай адарваньне Беларусі ад Савецкага Саюзу і ўтварэньне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі, таму неабходна правесьці вобшук, арыштаваць і прыцягнуць да судовай адказнасьці».

На адкрыцьці памятнага знаку Васілю Кавалю

Уладзімер Ліўшыц кажа, што пратаколы допытаў былі падпісаныя самім пісьменьнікам. На ягоную думку, зьняволены прызнаў віну, каб выбавіць ад рэпрэсіяў жонку Паліну Басікевіч, зь якой ажаніўся ў 1936 годзе.

Каб уратавацца ад арышту Паліна Басікевіч выраклася мужа, неўзабаве як яго забралі. Уладзімер Ліўшыц кажа, што родная сястра пісьменьніка Марыя апавяла яму, што між братам і Палінай была такая дамоўленасьць, бо ён прадчуваў зьняволеньне і не хацеў праблемаў сям’і.

Лёс родных Васіля Каваля

Бацьку пісьменьніка Пятра Кліменцьевіча ў 1931 годзе прызналі вінаватым у «шкодніцтве», «развале калгаснага ладу» і далі 5 гадоў. У лістападзе 1937-га расстралялі. Рэабілітавалі толькі ў 1989 годзе.

Маці Каваля Ўльяна памерла да 1930 году. Яе магілу на вясковых кладах нашчадкі так і не адшукалі.

Месца, дзе стаяла бацькоўская хата Васіля Каваля

У хаце бацькоў пісьменьніка жыла ягоная сястра Марыя. Паводле вяскоўцаў, была яна жанчынай паважанай і інтэлігентнай. На месцы яе хаты цяпер пустка. Яе пабурылі неўзабаве пасьля сьмерці гаспадыні. Памерла яна ў 2005 годзе, пражыўшы 91 год. Пахаваная на могілках роднай вёскі.

Брат Фадзей загінуў на Другой усясьветнай вайне. Да яе настаўнічаў.

Магіла сястры Васіля Каваля — Марыі

Імем Васіля Каваля названая вуліца ў Магілёве. У сельскай бібліятэцы ў Саве зрабілі мэмарыяльны пакой, прысьвечаны ягонаму жыцьцю і творчасьцю пісьменьніка. У 1998 годзе Ўладзімер Ліўшыц выдаў брашуру «Сын вёскі».

Вёска Сава на мапе


Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Творы Васіля Каваля на «Беларускай палічцы»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах прайшла «Ноч расстраляных паэтаў». ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля КДБ зладзілі «Ланцуг памяці». ФОТА і ВІДЭА