МЗС Ізраілю вырашыла часова закрыць амбасады па ўсім сьвеце. У тым ліку ў Менску

Міністэрства замежных спраў Ізраілю паведаміла пра часовае закрыцьцё з 30 кастрычніка амбасадаў і консульстваў па ўсім сьвеце з прычыны страйку.

«З прычыны парушэньняў Міністэрствам фінансаў даўніх пагадненьняў з супрацоўнікамі МЗС, мы вымушаныя закрыць ізраільскія місіі па ўсім сьвеце, пачынаючы з 30 кастрычніка», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.

Прычынай страйку стала рашэньне Міністэрства фінансаў Ізраілю спагнаць падатак з прадстаўніцкіх выдаткаў дыпляматаў, не падмацаваных квітанцыямі.

У амбасадах і консульствах Ізраілю ня будуць ажыцьцяўляць ніякіх паслуг грамадзянам, уваход у місіі будзе забаронены.

«Мы спадзяёмся, што гэты крызіс будзе хутка вырашаны», — сказана ў паведамленьні МЗС.

Амбасада Ізраілю ў Беларусі таксама страйкуе і закрытая, пацьвердзілі Tut.by у дыпмісіі.

Гэта ня першы страйк МЗС Ізраілю. У 2013 годзе амбасады гэтай дзяржавы па ўсім сьвеце спынялі працу: тады МЗС спрабаваў дамагчыся паляпшэньня ўзроўню аплаты і ўмоваў службы ізраільскіх дыпляматаў за мяжой, а таксама структурных зьменаў у самім міністэрстве. У 2014 годзе забастоўка паўтарылася.