Абвешчаны збор сродкаў на выдаткі, зьвязаныя з ушанаваньнем памяці паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Перапахаваньне парэшткаў прызначана на 22 лістапада у пантэоне герояў на віленскіх могілках Росы.
«Ад імя Беларускага грамадзкага камітэту ўшанаваньня памяці паўстанцаў зьвяртаемся да шырокай грамадзкасьці Беларусі, а таксама да супольнасьці беларусаў, якія жывуць па-за межамі краіны, з просьбай падтрымкі ў зборы сродкаў для арганізацыі і правядзеньня імпрэзаў, прысьвечаных пахаваньню Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у Вільні», — гаворыцца ў звароце.
Як паведамляюць ініцыятары краўдфандынгу, неабходна сабраць сродкі на арэнду памяшканьняў і апаратуры, а таксама атрыбутыку для шэсьцяў і урачыстасьцяў — сьцягі, дрэўкі, кветкі, стужкі, зьнічы, лямпады). Акрамя таго, грошы патрэбны на арганізацыйна-лягістычныя і інфармацыйныя выдаткі.
Сабраць трэба каля 3000 эўра. Зрабіць перавод на PayPal з можна з уласнага акаўнта ў гэтай сыстэме альбо банкаўскай карткай па спасылцы http://bit.ly/2p2emGR.
Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў звяртаецца таксама да прыватных фундатараў, гатовых ахвяраваць сродкі.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА