Датэрміновыя выбары ў Брытаніі адбудуцца 12 сьнежня. Тлумачым, што адбываецца

Выступае Борыс Джонсан

Брытанская Палата грамадаў пагадзілася правесьці пазачарговыя выбары 12 сьнежня. Прэм’ер-міністар Борыс Джонсан спадзяецца атрымаць на іх пераканаўчую перамогу і вывесьці краіну з ЭЗ.

Ці пэўная гэта дата

Прызначэньне Палатай грамадаў даты выбараў яшчэ павінна быць ухвалена Палатай лордаў, але гэтая выбарная палата ня мае паўнамоцтваў адмяняць рашэньне Палаты грамадаў.

За новыя выбары прагаласавала 438 дэпутатаў, супраць — 20. Галасаваньне адбылося празь дзень пасьля таго, як ЭЗ пагадзіўся перанесьці Брэксыт на 31 студзеня 2020 году.

Чаго спадзяюцца асноўныя палітычныя гульцы

Падчас выбараў Лейбарысцкая партыя, якая выказвае неадназначныя погляды на Брэксыт і заклікала правесьці новы рэфэрэндум па гэтым пытаньні, а таксама лібэральныя дэмакраты, якія актыўна выступаюць супраць Брэксыту, будуць імкнуцца ўмацаваць падтрымку сваіх партый.

Барыс Джонсан разьлічвае, што яго Кансэрватыўная партыя заваюе большасьць месцаў у Палаце грамадаў, патавая сытуацыя ў парлямэнце будзе пераадоленая, пагадненьне аб выхадзе будзе зацьверджана, і Брытанія фармальна пакіне ЭЗ 31 студзеня.

Якім можа быць вынік выбараў

Аднак, як піша BBC, аглядальнікі ў Брытаніі ня ўпэўненыя, што Джонсан зможа атрымаць упэўненую перамогу.

Цяпер паводле вынікаў апытаньняў, рэйтынг Кансэрватыўнай партыі вышэйшы за рэйтынг галоўнай апазыцыйнай сілы — лейбарыстаў — прыкладна на 10%. Але за час перадвыбарнай кампаніі рэйтынгі могуць істотна зьмяніцца.

Акрамя таго, у брытанскай выбарчай сыстэме, калі ўсе 650 дэпутатаў Палаты грамадаў абіраюцца ў аднамандатных акругах у адзін тур, рэйтынг партыі ніколі дакладна не рэалізуецца у адпаведную колькасьць месцаў у парлямэнце.

  • На выбарах у 2015 годзе кансэрватары сабралі 36,9% галасоў і пры гэтым заваявалі абсалютную большасьць мандатаў — 330.
  • У 2017 годзе партыя атрымала на датэрміновых выбарах адчувальна больш галасоў — 42,4%, але страціла абсалютную большасьць, правёўшы ў Палату грамадаў 317 дэпутатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брэкзіт, Лукашэнка і Трамп: палітычны падзел ці канфлікт каштоўнасьцяў