Улады Грузіі расьсьледуюць учыненую ў панядзелак хакерскую атаку на хостынгавую кампанію Pro-Service.
Яна ажыцьцяўляе падтрымку вэб-сайтаў дзяржаўных ведамстваў, судоў, а таксама многіх няўрадавых арганізацый, прыватных кампаній і СМІ. Хакерская атака ўжо ацэньваецца як найбуйнейшая ў гісторыі Грузіі.
Пры спробе зайсьці на ўзламаныя сайты на галоўнай старонцы зьяўляўся фотаздымак былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі на фоне грузінскага сьцягу і з надпісам I’ll be back (Я вярнуся).
Паводле паведамленьня BBC, кібэратакі закранулі больш за 2 тысячы сайтаў. Сярод пацярпелых — тэлекампаніі «Імэдзі» і «Маэстра». У тэлекампаніях заяўляюць, што прамы эфір можа выключыцца ў любую хвіліну. У выніку кібэратакі частка тэхнікі выйшла са строю, пашкоджаныя кампутары.
Вяшчаньне «Імэдзі» было адноўленае праз 20 хвілін пасьля зафіксаванай напярэдадні атакі, аднак і 29 кастрычніка тэлеканал працягваў выходзіць у эфір у надзвычайным рэжыме. У надзвычайным рэжыме вяшчае і тэлеканал «Маэстра». Большасьць сайтаў, якія сталі абʼектамі нападу сайтаў, у аўторак усё яшчэ былі адключаныя.
Пакуль не паведамляецца, хто падазраецца ва ўчыненьні атакі.