Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны распачынаюць сэрыю азнаямляльных праграмаў, прысьвечаных сучасным замежным тэндэнцыям у вышэйшай школе.
29 кастрычніка цыкль «Унівэрсытэты сьвету» будзе прэзэнтаваны лекцыяй аб адметнасьцях адукацыйнай сыстэмы Даніі.
У імпрэзе возьмуць удзел прафэсар катэдры кіно і мэдыязнаўства Капэнгагенскага ўнівэрсытэту Карстэн Флэдэліюс (ён жа старшыня Хэльсынскага камітэту Даніі) і прафэсар Дацкага тэхнічнага ўнівэрсытэту Карл Эрык Фавэрскаў.
Зь беларускага боку праграму прадставяць прарэктар у навучальнай працы Ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча, экспэрт грамадзкага Балёнскага камітэту ў Беларусі Павал Церашковіч і першы прарэктар унівэрсытэту, заснавальнік і дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя Ўладзімер Колас.
Падчас сустрэчы госьці з Даніі раскажуць пра дзейнасьць Капэнгагенскага ўнівэрсытэту — адной з найстарэйшых вышэйшых навучальных устаноў Эўропы, а таксама пра сучасныя ВНУ з аўтарскімі сыстэмамі навучаньня, пра ўмовы жыцьця і працы скандынаўскіх пэдагогаў і студэнтаў.
Як паведамілі Свабодзе арганізатары цыклю, такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, на іх будуць запрашаць кіраўнікоў і выкладчыкаў і з розных эўрапейскіх унівэрсытэтаў.
Першы набор навучэнцаў Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча зьбіраецца абвясьціць на 2020/21 навучальны год. Выкладаньне будзе весьціся па-беларуску, заснавальнікі ВНУ за ўзор бяруць досьвед працы найлепшых навучальных устаноў Эўропы.
Сустрэча з дацкімі адмыслоўцамі адбудзецца а 18-й гадзіне 29 кастрычніка ў менскай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Унівэрсытэт імя Ніла Гілевіча будзе рыхтаваць абітурыентаў для іншых ВНУ