Міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што ад сёньняшняга дня ўкраінскае войска пачало адыходзіць з пазыцый у паселішчы Залатое (Папасьнянскі раён Луганскай вобласьці) — гэта было ўмовай для правядзеньня сёлета ў лістападзе саміту з удзелам лідэраў Нямеччыны, Францыі, Расеі і Ўкраіны.
«Да сустрэчы ў нармандзкім фармаце будзе разьвядзеньне ў тых раёнах, пра якія мы дамовіліся. У Залатым разьвядзеньне адбываецца цяпер. Мы стартуем з сёньняшняга дня. Гэта разьвядзеньне войскаў, непасрэдна залучаных на лініі кантакту», — заявіў Вадзім Прыстайка сёньня журналістам у Марыюпалі.
Паводле яго, затрымка з пачаткам разьвядзеньня войскаў была выкліканая неабходнасьцю ўзгадніць гэтыя дзеяньні з назіральнай місіяй АБСЭ:
«Цяжкае ўзбраеньне і войскі адведзеныя раней на 10 кілямэтраў».
Міністар замежных спраў Украіны перакананы, што ўкраінскі прэзыдэнт гатовы да сустрэчы зь кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным:
«У яго адбыліся тры тэлефонныя размовы, і ён дакладна ўсьведамляе, што можна і якім чынам можна дасягнуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі прэс-сакратар апублікаваў у Менску тэкст, які падпісаў КучмаПаводле яго слоў, на наступным этапе разьвядзеньне войскаў адбудзецца ў Пятроўскім Данецкай вобласьці. На пачатку кастрычніка стала вядома, што Ўкраіна пагадзілася на ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе паводле прапанавага «нармандзкай чацьвёркай» пляну, вядомага як «формула Штайнмаера».
«Ліквідаваныя апошнія перашкоды для правядзеньня саміту ў нармандзкім фармаце. Найбліжэйшым часам мы будзем ведаць ужо і дату. Хачу паведаміць пра найбольшую страшылку апошніх тыдняў пад назвай „формула Штайнмаера“. Што яна азначае? Часовы закон пра асаблівы парадак мясцовага самакіраваньня ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей пачынае дзейнічаць пры ўмове, калі там адбудуцца выбары, праведзеныя згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам Украіны. Ніякіх выбараў пад дуламі кулямётаў ня будзе», — заявіў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу 1 кастрычніка ў Кіеве. Ва Ўкраіне такі кампраміс Уладзімер Зяленскага апазыцыйныя сілы ўспрынялі як капітуляцыю перад Расеяй.
Ад 6 кастрычніка ва Ўкраіне праходзяць масавыя акцыі «Не — капітуляцыі». Шэраг байцоў добраахвотнікаў, аб’яднаных партыяй «Нацыянальны корпус», накіраваліся ў Залатое, каб не дапусьціць пераходу паселішча пад кантроль гэтак званай «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзельнікі кіеўскай акцыі «„Не“ — капітуляцыі» расказалі пра свае патрабаваньні. ВІДЭА