Навукоўцы знайшлі прарадзіму чалавецтва

Сучасны жыхар Батсваны

Гістарычнай радзімай сучасных людзей была Батсвана. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што змаглі дакладна вызначыць прарадзіму ўсіх сучасных людзей — гэта рэгіён на поўдзень ад ракі Замбэзі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Цяпер тут шмат саланчакоў, але 200 тысяч гадоў таму на гэтым участку ляжала велізарнае возера, якое магло быць спрадвечным домам чалавецтва. Нашы продкі жылі тут, пакуль не зьмяніўся клімат, кажуць дасьледчыкі. Затым яны пачалі рухацца па ўрадлівых «калідорах», што адкрыла шлях будучай міграцыі за межы Афрыкі.

«Анатамічна сучасныя людзі зьявіліся ў Афрыцы каля 200 тысяч гадоў таму, — кажа прафэсарка Ванэса Гэес, генэтык з аўстралійскага Інстытуту мэдыцынскіх дасьледаваньняў. — Але былі доўгія дыскусіі, адкуль менавіта ўзяліся нашы продкі».

Навукоўцы мяркуюць, што першыя людзі пасяліліся ля воднай сыстэмы, вядомай як возера Макгадыкгадзі — сёньня тут толькі шырокія раўніны з салёнымі балотамі. Але некалі гэта была вялікая тэрыторыя зь вільготнай і пышнай расьліннасьцю. Аднак 70 тысяч гадоў таму колькасьць ападкаў зьменшылася, што прывяло да некалькіх вялікіх хваляў міграцыі. Першыя перасяленцы рушылі на паўночны ўсход, наступныя — на паўднёвы захад. А тыя, хто засталіся на гістарычнай радзіме, жывуць там і па сёньня. Такія высновы грунтуюцца на дасьледаваньнях з выкарыстаньнем тысяч узораў ДНК, у тым ліку сучаснага афрыканскага насельніцтва.

Параўноўваючы генэтыку з геалёгіяй і кампутарнымі мадэлямі колішняга клімату, навукоўцы могуць выказаць здагадку, якім быў афрыканскі кантынэнт 200 тысяч гадоў таму.