Дзевяць дзён запар, з 19 па 27 кастрычніка, у Беларусі абнаўляліся рэкорды цяпла, паведамляе БелаПАН са спасылкай на зьвесткі параўнальнага аналізу апэратыўнай мапы тэмпэратур і архіву Белгідрамэту на сайце meteoinfo.by.
27 кастрычніка, у апошні дзень перад пахаладаньнем, максымумы тэмпэратур абнавіліся на 34 станцыях ва ўсіх абласьцях і ў Менску. У Менску пабіты рэкорд ад 27 кастрычніка 1949 году (тады было +16,6) — паветра прагрэлася да +18 градусаў.
Абнавіліся максымумы і ў двух абласных цэнтрах: у Віцебску — 16,8 і ў Магілёве — 16,7. Ранейшыя максымумы таксама трымаліся 70 гадоў (15,4 і 16,1 градуса адпаведна).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4 месяцы лета, 93 мільёны даляраў стратаў. Як на Беларусь уплывае зьмена кліматуЦяплей за ўсё 27 кастрычніка было ў Драгічыне — 20,8 градуса вышэй за нуль, аднак рэкорд дня для ўсёй тэрыторыі Беларусі не абнавіўся (+21,5 у 1949 годзе ў Жыткавічах).
- 26 кастрычніка максымум абнавіўся ў Мсьціславе,
- 25 кастрычніка — на шасьці мэтэастанцыях у Віцебскай вобласьці, на дзьвюх — у Менскай, на адной — у Берасьцейскай,
- 24 кастрычніка — у Мсьціславе,
- 23 кастрычніка — у Мсьціславе і Жыткавічах.
З 19 па 22 кастрычніка ў Беларусі абнаўляліся рэкорды цяпла за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў, 21 і 22 кастрычніка — лякальныя рэкорды на ўсіх без выключэньня мэтэастанцыях краіны. Таксама тэмпэратурныя рэкорды фіксаваліся з 13 па 16 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не згарым і не патонем — сыноптыкі распавялі, як закране Беларусь глябальнае пацяпленьнеТак цёпла ў гэтую пару году ўпершыню за апошнія 75 гадоў. Сярэдняя тэмпэратура паветра за другую дэкаду склала 12,9 градуса, што на 6 градусаў вышэй за кліматычную норму; такі тэмпэратурны рэжым характэрны для першай паловы верасьня, паведаміў 23 кастрычніка Белгідрамет.
У верасьні рэкордна цёплая тэмпэратура была 2, 3 і 9-12 верасьня, а рэкордна халодна было — 20, 21, 23 і 24 верасьня.