Другі тыдзень у самай багатай і стабільнай краіне Паўднёвай Амэрыкі — Чылі — адбываюцца сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і сіламі правапарадку. Свабода тлумачыць, што прывяло да пратэстаў і чаго дамагаюцца іх удзельнікі.
Коратка пра Чылі:
- У 2010 годзе Чылі стала першай краінай Паўднёвай Амэрыкі, якая далучылася да клюбу багатых краіных — OECD
- Мінімальны заробак у краіне — $415 (некалькі дзён таму ўлады паабяцалі павысіць яго на $75)
- 11 мільёнаў чылійцаў з 18 мільёнаў маюць пазыкі
Чаму ў Чылі пачаліся пратэсты
Пратэсты пачаліся пасьля таго, як урад краіны павысіў аплату за праезд у аўтобусах і мэтро ў сталіцы краіны, Сант’яга. Цана павялічылася ў сярэднім на 30 пэса (прыблізна 8 капеек).
У Сант’яга кожная паездка каштуе больш за 2 рублі. Сэзонных квіткоў няма, аплата за праезд здымаецца з карткі. Грошы ад павышэньня цаны меліся пайсьці на паляпшэньне грамадзкага транспарту.
З чаго пачаліся пратэсты
Пачалося ўсё з таго, што людзі пачалі скакаць праз брамы, каб не плаціць за праезд. Супраць «зайцоў» была кінутая паліцыя. Нязгодныя з падвышэньнем аплаты за праезд пачалі граміць станцыі мэтро. Усяго было зьнішчана 79 станцыяў. Каб іх адрамантаваць спатрэбіцца некалькі месяцаў.
Пасьля гэтага ў сеціве зьявіліся заклікі выходзіць на пратэсты супраць росту коштаў жыцьця ў сталіцы. На гэтыя заклікі адгукнуліся тысячы людзей. Тыдзень таму, у пятніцу, людзі выйшлі на вуліцы.
Як праходзілі пратэсты
У выніку сутыкненьняў у Сант’яга спыніў працу грамадзкі транспарт. Мільёны людзей былі ня ў стане дабрацца на працу.
У горадзе пачалі рабункі і напады. Былі абрабаваныя каля трохсот супэрмаркетаў. Улады прынялі рашэньне ўвесьці камэнданцкую гадзіну. Жыхары некаторых раёнаў арганізоўвалі кругласутачныя суседзкія групы для аховы сваёй уласнасьці.
Рэстараны, аптэкі, банкі, амбасады і крамы ў горадзе зачынілі. Былі прыпыненыя заняткі ў большасьці школаў і ўнівэрсытэтаў.
Дзясяткі тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў накіравалі ў розныя рэгіёны Чылі для падтрыманьня парадку. 18 чалавек загінулі, амаль 400 параненыя, у тым ліку і з выкарыстаньнем зброі. Падчас акцый пратэсту затрымалі ўжо больш за тысячу чалавек
Як адрэагавала ўлада
Прэзыдэнт краіны Сэбастыян Піньера выступіў з тэлезваротам. Ён прапанаваў дыялёг і перамовы. Папрасіў у грамадзян прабачэньня за памылкі ўраду і анансаваў павелічэньне мінімальнага заробку на 75 даляраў і на амаль 30 даляраў пэнсій, а таксама зьмяншэньне заробкаў дэпутатаў (яны ажно ў 33 разы большыя за мінімальны заробак).
Яшчэ ў аўторак урад адмяніў павышэньне аплатаў за праезд і цэны на электрычнасьць. Аднак пратэсты працягнуліся і пасьля гэтага.
Як выглядае жыцьцё ў краіне цяпер
Працуюць толькі некаторыя супэрмаркеты, паміж 9 і 14 гадзінамі. Перад крамамі стаяць шматгадзінныя чэргі. Увечары ў іх не хапае прадуктаў. Банкаматы пустыя, банкі зачыненыя.
Аднак пратэсты працягваюцца. Людзі дамагаюцца адстаўкі міністраў і прэзыдэнта. Але не паўсюль пратэсты маюць характар сутыкненьняў з паліцыяй. Падчас некаторых пратэстаў людзі танчаць, сьпяваюць, стукаюць па рондалях.
Ці нешта такое ў Чылі ўжо было
Такая напружаная сытуацыя ў краіне назіраецца ўпершыню ад заканчэньня дыктатуры генэрала Аўгуста Піначэта (1973-1990). Апошнія 30 гадоў Чылі было «аазісам спакою» ў Паўднёвай Амэрыцы.
А як жа «чылійскі цуд»
Сапраўды, ёсьць такі тэрмін. Яго ў 1982 годзе прыдумаў эканаміст Мілтан Фрыдман. Так называліся лібэральныя эканамічныя рэформы, якія правёў Аўгуста Піначэт. Паводле Фрыдмана, чылійскі экспэрымэнт «параўнальны з эканамічным цудам пасьляваеннай Нямеччыны».
Аднак ня ўсе пагаджаліся з гэтым меркаваньнем. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў эканоміцы Джозэф Стыгліц лічыў, што макраэканамічныя дадзеныя сьведчаць пра паразу рэформаў.
Паводле статыстыкі, колькасьць чылійцаў, якія жывуць за мяжой беднасьці, вырасла з 17% у 1969 годзе да 45% у 1985. Зь іншага боку сярэдні даход самых багатых чылійцаў вырас за гэты час на 83%.
Беспрацоўе ў Чылі складае 7%.
У пачатку 1990-х рост ВУП у Чылі складаў больш за 12% у год, сёлета — 3,5%. Нацыянальны даход на душу насельніцтва — 15 тысяч даляраў ад ВУП.
Галоўнай праблемай сучаснага Чылі экспэрты называюць сацыяльнае расслаеньне.