«Лукашэнка „кідáла“ такі, што Пуціну і ня сьнілася!» — сатырык Шэндэровіч 

Сатырык Віктар Шэндэровіч

Расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» паразважаў пра варыянты, якія могуць дапамагчы Ўладзіміру Пуціну застацца на пасадзе прэзыдэнта Расеі.

У тым ліку праз «аб’яднаньне зь Беларусьсю» — як у выпадку з анэксіяй Крыму і акупацыяй часткі Данбасу, каб адцягнуць увагу расейцаў ад унутраных праблемаў.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

«Ідэальны варыянт: новая дзяржава, усё абнуляецца. Гэта яшчэ разглядалася на позьнеельцынскіх тэрмінах, усё праходзілі. Лукашэнка — кідала, і вельмі пасьпяховы. Значна больш таленавіты, чым Пуцін, хоць бы таму, што ў яго магчымасьцяў менш, а ён іх вельмі добра выкарыстоўвае.

Да лесу перадам, а да нас задам. Ці наадварот, то да Захаду, то да нас. Гэта ён умее як ніхто. І ўсё робіць вельмі шчыра, трэба заўважыць. Як сапраўдны таленавіты папуліст. Таму Лукашэнка для Пуціна — небясьпечны варыянт», — робіць выснову Віктар Шэндэровіч.

Паводле сатырыка, у Пуціна ёсьць і іншыя правераныя магчымасьці падаўжэньня ўладарства — напрыклад, чарговая вайна або тэракты. А вось апэрацыя зь пераемнікам, на яго думку, малаверагодная: Дзьмітрый Мядзьведзеў, зь якім яны памяняліся прэзыдэнцкай і прэм'ерскай пасадамі, выглядае папросту «камічна».

Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў

«Пасьля чаго пачынаўся Пуцін? Выбухі дамоў. Ня хочацца наладжваць на гэтую хвалю, але рэч бяспройгрышная. Радзіма ў небясьпецы, вораг каля варотаў. Пераемнік — рэч небясьпечная. Яму пашанцавала зь Мядзьведзевым, зусім слабенькім, зусім камічным. Была кандыдатура Сяргея Іванова. Не прайшла.

Чаму? Ён не траваядны. Зжарэ і не паморшчыцца. Таму што гэбіст. Знайшлі ціхенькага, мякенькага, запалоханага. Але яшчэ раз пракруціць зь Мядзведзевым, баюся, не атрымаецца. Ня думаю, што ён пойдзе на гэта».

Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі прызначаныя на 2024 год, у Беларусі яны пройдуць у 2020-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аб’яднаньне зь Беларусьсю? А што можа перашкодзіць?» — расейскі журналіст Венядзіктаў