Беларусь адкрыла ў Кітайска-казахстанскім міжнародным цэнтры прыгранічнага супрацоўніцтва «Хоргас» краму duty free, каб лепш уяўляць патрэбы кітайскага рынку.
Пра гэта расказаў першы намесьнік прэм’ер-міністра Аляксандар Турчын ў кулюарах перамоваў вышэйшых кіраўнікоў Беларусі і Казахстана, перадае БелТА.
«Такая крама нам патрэбная дзеля таго, каб зразумець, якія тавары перш за ўсё цікавяць кітайскіх пакупнікоў, — растлумачыў чыноўнік. — Мы разьлічваем ствараць беларуска-казахстанскія прадпрыемствы, каб па гэтай намэнклятуры, вырабляючы яе ў Казахстане, больш інтэнсіўна асвойваць кітайскі рынак».
У прыватнасьці, па словах Аляксандра Турчына, Беларусь плянуе адкрыць у свабоднай эканамічнай зоне малочную вытворчасьць і экспартаваць прадукцыю ў КНР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка дазволіў бязмытны гандаль алькаголем і тытунём у беларускіх самалётахЯк удакладняе сайт акімату Алмаацінскай вобласьці, у гандлёвым павільёне выстаўлена прадукцыя двух дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў: кандытарскія вырабы, алькагольныя напоі, мясныя паштэты, дзіцячае харчаваньне і г.д.
Таварным забесьпячэньнем крамы будзе займацца кампанія «Энэрга Ойл» бізнэсоўца Аляксея Алексіна, блізкага да сям’і Аляксандра Лукашэнкі.
У 2017 годзе адзін з найбагацейшых прадпрымальнікаў Беларусі Аляксей Алексін атрымаў прэзыдэнцкае даручэньне стварыць тавараправодную сетку для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Адным з вынікаў дзейнасьці стала сетка тытунёвых шапікаў «Табакерка», супраць якіх пратэстуюць жыхары многіх гарадоў Беларусі. Супраць «Табакерак» выказаліся і ў Палаце прадстаўнікоў, але мясцовыя ўлады адмаўляюцца прыбіраць іх з вуліц.
Кампанія – уладальніца сеткі «Табакерка», тытунёвыя кіёскі якой ужо стаяць па ўсёй краіне, мае статус спэцімпартэра тытунёвай прадукцыі, а пад тытунёвую фабрыку Алексіна нават зьмянілі межы Менску.
Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»
У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.
Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.
У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.
Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.
У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.
Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.