Урад Бразыліі прыцягнуў пяць тысяч вайскоўцаў да ачыстцы пляжаў пасьля буйнога разьліву нафты. З пачатку верасьня агульная працягласьць забруджанай берагавой лініі ў паўночна-ўсходняй частцы краіны склала больш за дзьве тысячы кілямэтраў. Пацярпелі больш за 200 пляжаў і 12 прыродаахоўных зонаў.
Разьліў нафты быў выяўлены 2 верасьня. Пэўная крыніца забруджваньня ўсё яшчэ не ўсталяваная.
Міністар навакольнага асяродзьдзя і экалёгіі Бразыліі Рыкарда Салес настойвае на тым, што нафта належыць Вэнэсуэле. Аднак дзяржаўная нафтавая кампанія Вэнэсуэлы PDVSA гэтыя абвінавачваньні адпрэчыла.
У сераду Салес заклікаў Арганізацыю амэрыканскіх дзяржаваў (ААД) запатрабаваць ад Вэнэсуэлы адказу на пытаньне «аб таямнічым разьліве нафты».
На бераг Бразыліі былі вымытыя сотні тон нафты. Ачысткай пляжаў займаюцца мясцовыя жыхары, вайскоўцы і дзяржаўная нафтавая кампанія Petrobras. Улады ж спрабавалі справіцца з пагрозай марской дзікай прыродзе і турыстычнай індустрыі. Праз адсутнасьці скаардынаванага нацыянальнага адказу сэнатар Пернамбуку (аднаго з пацярпелых штатаў) Умбэрта Коста абвінаваціў прэзыдэнта Жаіра Балсанару ў некампэтэнтнасьці.