Брытанскі прэм’ер Барыс Джонсан гатовы даць парлямэнту дадатковы час на абмеркаваньне яго варыянту дамовы па Brexit, але толькі калі парлямэнт падтрымае правядзеньне ўсеагульных выбараў 12 сьнежня.
У інтэрвію Бі-бі-сі Джонсан сказаў, што чакае, што ЭЗ прадоўжыць адведзены на абмеркаваньне дамовы тэрмін, які павінен скончыцца 31 кастрычніка. Сам Джонсан супраць падаўжэньня і хоча, каб яго варыянт дамовы быў прыняты як мага хутчэй.
«Калі ім (чальцам парлямэнта) сапраўды трэба больш часу на вывучэньне гэтага пышнага дагавора, то яны яго атрымаюць — але толькі калі пагодзяцца на агульныя выбары 12 сьнежня», — сказаў ён.
Эўразьвяз павінен прыняць рашэньне аб працягу тэрміну абмеркаваньня дамовы ў гэтую пятніцу. Калі брытанскі парлямэнт атрымае дадатковы час да канца кастрычніка, прэмʼер, хутчэй за ўсё, зноў паспрабуе вынесьці дамову на абмеркаваньне парлямэнта.
Раней на гэтым тыдні Палата абшчын адмовілася ў тэрміновым парадку прымаць пагадненьне аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ, пра якое Джонсан дамовіўся з лідэрамі Эўразьвязу.