Чыноўніку, асуджанаму на 12 гадоў калёніі, зьмякчылі прысуд.
Менскі гарадзкі суд 25 кастрычніка разгледзеў апэляцыйную скаргу былога намесьніка кіраўніка Менгарвыканкаму Андрэя Дамарацкага.
У выніку разгляду скаргі суд пастанавіў зьменшыць пакараньне Дамарацкаму з 12 да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маемасьці. Таксама Дамарацкі мае выплаціць штраф у памеры 76,5 тысячы беларускіх рублёў (3 тысячы базавых велічынь).
Першае паседжаньне адбылося 11 кастрычніка. «У сувязі з новаадкрытымі акалічнасьцямі» працяг разгляду апэляцыйнай скаргі прызначылі на 25-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыноўнік, за якога заступіліся блогеры. Хто такі Андрэй Дамарацкі, якога асудзілі на 12 гадоў турмыНа разгляд скаргі ў Менскі гарадзкі суд Андрэя Дамарацкага не даставілі, хоць на гэтым настойваў адвакат Дзьмітры Гарачка. Асуджаны склаў тэкст сваёй апэляцыі самастойна, яна заняла 51 старонку. 11 кастрычніка ў судовай залі яе чыталі каля 4 гадзін запар.
5 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Андрэя Дамарацкага вінаватым ва злоўжываньні ўладай і атрыманьні хабару і асудзіў да 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці асуджанага на 12 гадоў экс-намесьніка кіраўніка Менску дабіваецца перагляду справы