Шматразовы чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе, сьпявак рок-гурту Brutto Віталь Гуркоў стаў сувядоўцам перадачы «Неделя спорта» на дзяржаўным тэлеканале СТВ. Першы выпуск выйшаў у эфір 20 кастрычніка.
Як кажа Свабодзе Віталь Гуркоў, першая перадача была тэставай, але цяпер падпісаная дамова з тэлеканалам на паўгода. Прапанова паўдзельнічаць у перадачы паступіла да яго нечакана.
«Запрасілі паспрабаваць — я зайшоў, паспрабаваў разок, а празь літаральна дні чатыры рабілі ўжо запіс праграмы, — расказвае ён. — Першы запіс быў такі шокавы, бо без падрыхтоўкі, адразу ў новым сьвеце, новым амплюа. Шчыра кажучы, я асабліва не спадзяваўся, і ўвогуле зьдзівіўся, што такая прапанова паступіла да мяне. Матулі спадабалася — сяджу ў тэлевізары ўсё ж такі».
Гуркоў кажа, на ролю сувядоўцы спрабавалі розных спартоўцаў, бо хацелі, каб чалавек быў наўпрост зьвязаны са спортам — нярэдка ў перадачу прыходзяць у якасьці гасьцей спартоўцы і трэнэры.
«Гісторыя была такая, што да мяне ў залю прыехала здымачная група СТВ, якая здымала ролік да чэмпіянату Эўропы, які будзе адбывацца ў нас у Менску, — згадвае Гуркоў. — Вырашылі здымаць у мяне, бо ў мяне самая прыгожая заля. І там хлопцы са здымачнай групы расказалі, што ёсьць такая прапанова. Спыталі, ці хацелася б мне паспрабаваць. Я падумаў — чаму б не».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталь Гуркоў адкрыў уласную баксёрскую залю. ФОТАСпартовец кажа, што зьдзівіўся ў тым ліку таму, што лічыў сябе «пэрсонай нон-грата» на дзяржаўнай тэлевізіі. Але ў размове з прадстаўніком каналу Гуркову ня ставілі ніякіх асаблівых умоваў кшталту забароны на нацыянальную сымболіку, «усё вельмі празрыста, добра». Хіба папрасілі весьці перадачу па-расейску:
«Я пры першай жа сустрэчы прапанаваў: давайце, мабыць, весьці эфір па-беларуску, было б цікава, я тады адчуваў бы, што вартую рэч раблю, — кажа Гуркоў. — Мне сказалі, што ўсё разумеюць, што клясна, калі будуць беларускамоўныя госьці, — можна і так, і так. Але гэта ўсё ж гэта бізнэс, рынак, а большасьць гледачоў расейскамоўная».
На пытаньне аб тым, ці хопіць часу і на спорт, і на музыку, і на працу на ТВ, Гуркоў упэўнена адказвае, што хопіць:
«Запіс звычайна праходзіць раз на тыдзень, я магу выдаткаваць на гэта час, тым больш, мне гэта цікава».
«Неделя спорта» — штотыднёвая выніковая інфармацыйна-аналітычная праграма аб спорце, выходзіць на беларускім дзяржаўным канале СТВ па нядзелях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правілы жыцьця Віталя Гуркова