Беларусь, Украіна і Грузія падпісалі супольны пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне транспарту з выкарыстаньнем транспартна-лягістычнай інфраструктуры трох краінаў.
Як паведамілі Свабодзе ў Міністэрстве інфраструктуры Ўкраіны, адначасова будзе створаная трохбаковая працоўная група для абмеркаваньня тарыфаў, аб'ёмаў і відаў грузаў, а таксама аптымізацыі часу іх перавозкі.
Міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій перакананы, што водны шлях Е40 мае быць уключаны ў лягістычныя маршруты, якія ўжо існуюць паміж Беларусьсю, Украінай і Грузіяй.
«Патэнцыял гэтага маршруту для дастаўкі грузаў не выкарыстоўваецца на поўную моц, але мае эканамічныя перавагі, — сказаў Крыклій. — Найбліжэйшым часам Украіна і Беларусь маюць на мэце правесьці ўсе неабходныя працы для паўнавартасных грузаперавозак па Дняпры і Прыпяці».
Будуць паглыбляць дно
На сустрэчы 3 кастрычніка ў Жытоміры са сваім беларускім калегам украінскі міністар паведаміў, што Ўкраіна з наступнага году пачне выконваць працы па паглыбленьні дна на рацэ Прыпяць на сваёй тэрыторыі.
«Паводле папярэдніх разьлікаў, на паглыбленьне дна да 2,65 мэтра патрэбна прыблізна 20–30 мільёнаў эўра. І яшчэ прыкладна столькі ж, калі мы гаворым пра большыя глыбіні», — сказаў Крыклій.
У сваю чаргу, міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка паабяцаў, што перш як канчаткова зацьвердзіць праект стварэньня трохбаковага воднага транспартнага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз Прыпяць, да абмеркаваньня далучаць экалягічную грамадзкасьць.
На прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх СМІ 26 верасьня Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што для аднаўленьня суднаходзтва па Дняпры празь Беларусь і Ўкраіну беларускі бок «зрабіў усё», і Беларусь узяла на сябе абавязак паглыбіць дно Прыпяці і Дняпра, каб там маглі прайсьці караблі патрэбных клясаў. Цяпер «пытаньне за вамі» — Украіна павінна паглыбіць дно ракі на сваёй тэрыторыі, сьцьвярджае Лукашэнка.
Эколягі: Е40 — шлях у нікуды
Украінскія эколягі прызнаюць эканамічныя выгады рэалізацыі гэтага праекту, але адначасова папярэджваюць аб пагрозе распаўсюду радыяцыі на вялікія адлегласьці ў выпадку правядзеньня працаў па паглыбленьні дна Прыпяці, якая пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць Палесься ці хаўрус супраць Расеі? Разьбіраемся ў Е40 — пляне зрабіць Прыпяць суднаходнай«Радыяцыя нікуды не падзелася — яна схавалася пад імхамі, пад пяскамі. І калі цяпер пачнуць расчышчаць, выгладжваць і паглыбляць Прыпяць, каб зрабіць яе суднаходнай, увесь гэты радыяцыйны кактэйль паплыве ўніз па Дняпры. І маленькі, лякальны Чарнобыль ператворыцца ў краіну Чарнобыль. Мы размажам гэтую радыяцыю па ўсёй краіне», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве 22 кастрычніка старшыня Нацыянальнай экалягічнай рады Аляксандар Чысьцякоў.
Экспэрт перакананы, што найперш трэба праводзіць супольныя працы па аздараўленьні водных рэсурсаў басэйну Дняпра.
«Беларусы, каб мець доступ да аднаго з мораў, напэўна, гатовыя на ўсё, нават зубра на шашлыкі пусьціць, — кажа эколяг. — Канечне, я жартую, але чаму я пра гэта кажу? Па ўчастку Прыпяці ў Беларусі знаходзіцца 13 заказьнікаў, два Нацыянальныя паркі, якія маюць значэньне ня толькі для Беларусі, але і для Эўропы агулам. Нельга выпрастоўваць раку Прыпяць!»
Як разьвівалася ідэя
У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аб аднаўленьні воднага шляху Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.
Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі «дарожную мапу» рэалізацыі гэтага праекту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна дамовіліся пра аднаўленьне воднага шляху Е-40. Бізнэс і эколягі — супрацьДля паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора» неабходна паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС — Ніжнія Жары.
Магчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьня воднага шляху Е-40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.
Падрыхтоўчыя працы ва Ўкраіне стрымлівала адсутнасьць новага закону аб унутраным водным транспарце. Пасьля прызначэньня новага ўраду прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў парлямэнту і ўраду ўхваліць гэты закон да 1 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі падтрымаў злучэньне Чорнага мора і Балтыкі празь БеларусьАдразу пасьля абвяшчэньня плянаў наконт аднаўленьня воднага шляху Е40 каля 20 недзяржаўных экалягічных арганізацый Беларусі, Польшчы і Ўкраіны разгарнулі кампанію #STOP_E40. Пазьней беларускія бізнэс-асацыяцыі (Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. C. Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя) ня раз заклікалі ўрад адмовіцца ад рэалізацыі гэтага праекту.
Сёлета ў траўні беларускі бок пры падтрымцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця завяршыў абсьледаваньне на сваёй тэрыторыі суднаходных гідраўлічных збудаваньняў воднага шляху Е40. Украіна найбліжэйшым часам плянуе ажыцьцявіць аналягічныя працы на ўкраінскіх частках Прыпяці і Дняпра.