Выйшаў новы, «мамскі» альбом гурту Shuma «Me, Mother!». Аўдыё

Архіўнае фота. Вакалістка Shuma падчас прэзэнтацыі альбому Sonca, 2016 год

22 кастрычніка выйшаў новы рэліз праекту Shuma «Me, Mother» — 11 трэкаў, запісаных вакалісткамі Русяй і Надзеяй Чугунавай. Пра гэта гурт паведаміў у сацыяльных сетках.

«„Me, Mother“ — гэта гукавая містэрыя, якую мы прысьвячаем нашай Маці Зямлі і сваім бацькам і дзецям, вядома», — адзначае гурт. Сьпявачка Руся ў ранейшых інтэрвію параўноўвала альбом з аўдыёфільмам, аўдыёспэктаклем, і казала, што «гэта такая лінейная гісторыя, якая распавядае пра розныя станы жанчыны, што рыхтуецца стаць маці».

У альбоме сабраныя старажытныя беларускія песьні, якія жанчыны выкарыстоўвалі ў розных рытуалах. Пры гэтым у песьнях захаваныя ўсе дыялекты беларускай мовы. Акрамя традыцыйных абрадавых песень, у альбоме можна пачуць фрагмэнты калыханак, замоваў, абярэгаў, ёсьць дзіцячая лічылка.

Як адзначаюць самі вакалісткі, праз музыку яны «імкнуліся апісаць розныя станы мацярынства і перажываньні ўзаемаадносінаў чалавека з Маці, ад эўфарыі да агрэсіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кліп гурту Shuma, прысьвечаны ЛГБТ-дзецям, стаў прызэрам фэстывалю ў Бэрліне

У музыцы да альбому Shuma спрабавала выкарыстоўваць розныя псыхакустычныя прыёмы; акрамя галасоў вакалістак, на запісах можна пачуць розныя гукі прыроды, а таксама рытуальны інструмэнт чакапа — шаманскі веер з культуры Пэру.

Абедзьве салісткі падчас працы над праектам былі цяжарныя і паміж сабой называлі гэты альбом «мамскім».