Беларусь не аднавіла перамовы зь Міжнародным валютным фондам (МВФ) па новай крэдытнай праграме, гэтыя пытаньні з фондам не абмяркоўваюцца, паведаміў журналістам 22 кастрычніка ў Менску намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Дзьмітры Калечыц, піша Interfax.
«Я ня буду гэта камэнтаваць, паколькі цяпер мы не абмяркоўваем гэтыя пытаньні з МВФ», — сказаў Калечыц, адказваючы на пытаньне аб магчымых умовах рэалізацыі новай праграмы.
Камэнтуючы зьмест перамоваў з МВФ у Вашынгтоне, Калечыц паведаміў, што «падчас візыту мы абмяркоўвалі пытаньні, зьвязаныя з макраэканамічнай сытуацыяй цяпер у краіне, і будучага прагнозу на наступныя гады». «На наступным тыдні чакаецца місія МВФ, дзе мы яшчэ раз удакладнім нашы ацэнкі — бягучыя і адносна прагнозу (на 2020 год — рэд.)», — удакладніў Калечыц.
Як адзначыў Калечыц, падчас гэтай сустрэчы абмяркоўваліся толькі пытаньні, зьвязаныя з ацэнкай агульнаэканамічнай палітыкі плюс пытаньні тэхнічнай падтрымкі з боку МВФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады Беларусі шукаюць грошы ў ідэйных праціўнікаўБеларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзіў Калечыц, прымала ўдзел у восеньскай сэсіі Рады кіраўнікоў МВФ і Сусьветнага банку.
Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч напярэдадні, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў 10 кастрычніка, паведаміў, што Беларусь плянуе абмеркаваць з МВФ магчымасьць новай крэдытнай праграмы.
Перамовы МВФ былі прыпыненыя ў 2017 годзе — афіцыйны Менск тады хацеў атрымаць крэдыт у 3,5 млрд даляраў, але не пагадзіўся з хуткасьцю рэформаў у сацыяльнай сфэры, прапанаванай МВФ, у прыватнасьці — з тэмпамі павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.
У 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 млрд даляраў дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м — 3,7 млрд. Як казаў Ермаловіч, 75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць — гэта значыць узяць крэдыты на выплаты крэдытаў. Пры гэтым міністар дадаў, што «мы ідзем на новыя рынкі пазык».