Паўночная Ірляндыя легалізавала аднаполыя шлюбы і аборты

Паўночная Ірляндыя стала апошняй тэрыторыяй Вялікай Брытаніі, якая ўзаконіла гей-шлюбы і аборты. Мясцовыя дэпутаты не сталі блякаваць прынятага ў Лёндане рашэньня, піша DW.

Закон, які дазваляе заключэньне аднаполых шлюбаў і, пры выкананьні пэўных умоваў, правядзеньне абортаў, набыў моц у Паўночнай Ірляндыі сёньня, 22 кастрычніка. Адпаведнае рашэньне было прынятае брытанскім парлямэнтам яшчэ ўлетку.

21 кастрычніка ў парлямэнтароў Паўночнай Ірляндыі не атрымалася падчас пасяджэньня заблякаваць гэта рашэньне. Такім чынам, гей-шлюбы і аборты легалізаваныя цяпер на ўсёй тэрыторыі Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вернік і гей». Беларускі каталік тлумачыць кліру, чаму ў гэтым няма супярэчнасьці

«Гэта гістарычны момант. Дзякуй усім удзельнікам кампаніі і дэпутатам ад Лейбарысцкай партыі, якія нястомна працавалі, каб дамагчыся гэтай знамянальнай перамогі ў барацьбе за роўнасьць і правы чалавека», — напісаў у сваім Twitter лідэр Лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін.

15 кастрычніка ў Шатляндыі была аўтаматычна пагашаная судзімасьць мужчын, асуджаных у апошнія дзесяцігодзьдзі за гомасэксуальныя стасункі з узаемнай згоды.