Гэтым разам гутарка «Толькі пра літаратуру» датычыць найноўшага раману брытанскага пісьменьніка Іэна Мак’юэна «Machines Like Me» (Машыны як я).
Англія пачатку 1980-х, але ў паралельнай рэчаіснасьці — Вялікая Брытанія прайграла вайну за Фалклэндзкія (Мальвінскія) астравы з Аргентынай, і ў краіне пачаўся пэрыяд палітычных беспарадкаў. У тэхналягічнай сфэры, аднак, адбыўся гістарычны прарыў: на рынак выпусьцілі два тузіны прататыпных андроідаў — чалавекападобных робатаў, здольных выконваць усе чалавечыя функцыі ў грамадзтве, і то наагул значна лепей за людзей.
Герой раману Мак’юэна набывае сабе аднаго такога робата, Адама, дзеля пацехі. Але пацеха з часам абарочваецца ў нешта зусім нечаканае, што патрабуе ад героя рабіць нялёгкія маральныя выбары.
Змрочная і адначасова дасьціпная дыстопія аднаго з найлепшых англамоўных пісьменьнікаў сучаснасьці.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.