У панядзелак у гайнаўскім судзе на Беласточчыне пачынаюцца працэсы каля 30 чалавек, якіх абвінавачваюць у блякаваньні ў лютым Маршу выклятых жаўнераў, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Акцыю арганізавалі польскія нацыяналісты, якія ўшаноўвалі, між іншым, Рамуальда Райса «Бурага», адказнага за забойства беларусаў Падляшша пасьля Другой сусьветнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гайнаўцы польскія нацыяналісты правялі шэсьце, а мясцовыя жыхары ўшанавалі памяць ахвяраўАбвінавачаныя — гэта актывісты апазыцыйных да сёньняшняга ўраду ў Польшчы арганізацый «Грамадзяне РП», «Камітэту абароны дэмакратыі» і іншыя, хто 23 лютага хацеў спыніць шэсьце нацыяналістаў у цэнтры мястэчка. Паліцыя Гайнаўкі абвінаваціла 26 чалавек, але, як паведамляе Gazeta Wyborcza, рыхтуюцца чарговыя 50 заяваў у суд.
— Гэтага працэсу ўвогуле не павінна быць. Абвінавачаныя дзейнічалі спантанна і мелі права выказаць свае погляды, — сказала перад пачаткам працэсу адвакатка Дарота Лаўроўская.
Паліцыя абвінавачвае актывістаў у парушэньні трох артыкулаў Кодэксу аб дробных правапарушэньнях, якія прадугледжваюць пакараньне за чыненьне перашкоды легальнай акцыі. За гэта ім пагражае арышт да 14 дзён, штраф, вымова або абмежаваньне свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 93-гадовы партызан «Бурага», які быў прысутны падчаc зьнішчэньня беларускай вёскі, выступіў на шэсьці. ВІДЭАПольскія нацыяналісты чарговы раз ушаноўвалі Рамуальда Райса «Бурага». У 1946 годзе ягоны атрад забіў 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку дзяцей і жанчын. Інстытут нацыянальнай памяці прыйшоў да высновы, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.
На трасе шэсьця нацыяналістаў чакалі «Грамадзяне РП». Яны трымалі транспарант «Буры не герой» і табліцы з назвамі вёсак, якія зьнішчыў атрад Рамуальда Райса. На асфальт яны кінулі 79 белых ружаў.
Адным з важакоў шэсьця, у якім удзельнічала каля 300 чалавек, быў Пётра Рыбак. У Дзень памяці ахвяраў Галакосту ён правёў маніфэстацыю каля былога лягеру ў Асьвенціме. У лістападзе 2015 году ён спаліў на плошчы ва Ўроцлаве ляльку габрэя. За гэта яму прысудзілі 10 месяцаў пазбаўленьня волі, але вырак быў зьменшаны да трох месяцаў.