Каля 850 беларусаў атрымалі ад Лукашэнкі імунітэт ад затрыманьняў

Ілюстрацыйнае фота

На сустрэчы ў Акадэміі кіраваньня 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, як піша ягоная прэс-служба, расказаў, што ў ягоным «кадравым рэзэрве» знаходзяцца каля 850 чалавек. І ў іх ёсьць нешта падобнае да дэпутацкай недатыкальнасьці.

«Людзі, якія знаходзяцца ў кадравым рэестры прэзыдэнта, валодаюць пэўнымі паўнамоцтвамі і абаронай, імунітэтам, — расказаў Лукашэнка. — Да прыкладу, без дазволу прэзыдэнта іх нельга затрымліваць, арыштоўваць. Гэта важна для таго, каб яны маглі самастойна дзейнічаць».

Падобны імунітэт маюць дэпутаты

Тое, як Лукашэнка апісвае «імунітэт» для свайго рэестру, нагадвае дэпутацкую недатыкальнасьць. Так, нават дэпутатаў мясцовых саветаў нельга прыцягваць да крымінальнай адказнасьці, арыштоўваць ці штрафаваць бяз згоды мясцовага савету.

Падобны імунітэт маюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету рэспублікі: іх нельга затрымліваць без папярэдняй згоды іхнай палаты («за выключэньнем выпадкаў учыненьня дзяржаўнай здрады або iншага асаблiва цяжкага злачынства, а таксама затрыманьня на месцы ўчыненьня злачынства», удакладняецца ў законе).

Гэта законна для «кадравага рэестру»?

Недатыкальнасьць мае і сам Лукашэнка, але ягонае права даваць недатыкальнасьць не дэпутатам не прапісанае ні ў Канстытуцыі, ні ў іншых законах.

Пра такую забарону на затрыманьні для «рэестру Лукашэнкі» раней казалі праваабаронцы і палітолягі, але афіцыйна яна нідзе не замацаваная. Акрамя таго, поўны склад «кадравага рэестру» Лукашэнкі невядомы.

Праўда, Лукашэнка сам заяўляў у 2011 годзе, што зь ягонага кадравага рэестру «чалавек 10-15» былі пад сьледзтвам.

Канстытуцыя Беларусі (у арт. 22) гарантуе ўсім роўнасьць перад законам і роўнае права на абарону правоў і законных інтарэсаў. Любой асобе гарантуецца (як у арт. 25 Канстытуцыі, так і ў арт. 11 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу) недатыкальнасьць «пры адсутнасьці законных падставаў».

Што яшчэ сказаў Лукашэнка

Людзі з «кадравага рэестру», калі атрымліваюць пасаду, могуць яе і страціць паводле рашэньня Лукашэнкі. Ён прызнаўся, што часам «доўга перажывае» пасьля «прыняцьця жорсткіх кіраўніцкіх рашэньняў»:

«Я чалавек сыстэмны, — казаў ён. — Мне трэба, каб парадак быў усюды і гэтак далей. Пакараў, звольніў з працы, потым пачынаеш гэта ўсё круціць... Страшна цяжка. Гэта проста так не праходзіць. Гэта ўсё рубцуецца на тваім сэрцы, застаецца. Тым больш, я падатлівы чалавек».

А яшчэ Лукашэнка на сустрэчы ў Акадэміі кіраваньня казаў наступнае:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціхі і спакойны, але актыўны і з бойкамі. Лукашэнка расказаў, які хоча парлямэнт
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйдзем да гэтага прыгожа». Лукашэнка дапусьціў, што будзе ствараць партыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Беларусь можа далучыцца да Эўразьвязу без усялякіх зьменаў заканадаўства
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сорамна нават казаць». Лукашэнка зноў абурыўся сытуацыяй у школах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка згадаў, як прэзыдэнта ЗША хацелі зрабіць кіраўніком Саюзнай дзяржавы