«Сорамна нават казаць». Лукашэнка зноў абурыўся сытуацыяй у школах

Архіўнае фота. Аляксандар Лукашэнка ў Александрыйскай сярэдняй школе Шклоўскага раён, верасень 2018

Аляксандар Лукашэнка 18 кастрычніка зноў скрытыкаваў сытуацыю ў школах падчас сустрэчы ў менскай Акадэміі кіраваньня, піша БелТА.

«У школе павінен быць парадак. Узгадайце тыя часы, калі жудасна было ўявіць, што цябе выключаць са школы. А зараз што? Гэтага нават няма. Сёньня настаўнік з вучнем сядзіць нагу за нагу і курыць. І распавядаюць — сорамна нават казаць. Вось у што мы ператвараем школу», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка дадаў, што школа «гэта больш чым царква», і загадаў, каб там быў парадак.

Лукашэнка ня раз крытыкаваў дысцыпліну ў беларускіх школах і заклікаў навесьці парадак. Адказнымі за парадак у школах ён назваў настаўнікаў і кіраўніцтва школ. З апошняга:

  • Лукашэнка вярнуў на працу раней звольненую настаўніцу гомельскай школы, якая абражала вучня і замахнулася на яго партай. Звольнілі дырэктарку школы і гомельскіх чыноўнікаў.
  • Пасьля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаваньне. Таксама кіраўнік Беларусі казаў, што школьнікі павінны «аднолькава добра» апранацца.