Украіна плянуе перамяшчэньне войскаў з улікам пагрозы нападу Расеі празь Беларусь

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка.

Міністар замежных справаў Украіны Вадзім Прыстайка заяўляе, што ўкраінскія ўлады разам са сваімі партнэрамі з Эўрапейскага Зьвязу і NATO аналізуюць рызыкі магчымага наступу Расеі на падставе назіраньняў за перамяшчэньнем расейскіх войскаў у кірунку мяжы зь Беларусьсю.

«Мы назіраем за тым, што адбываецца. Ня толькі з нашымі партнэрамі з NATO, з Эўрапейскага Зьвязу; вядзецца дакладная праца, вядуцца спадарожнікавыя назіраньні і дзеяньні выведкі, каб зразумець, якая насамрэч існуе пагроза і чаго хочуць дасягнуць расейцы, калі праводзяць гэтыя манэўры; колькі базаў, створаных для правядзеньня вучэньняў; колькі войскаў і сілаў пасьля іх застаецца; якім чынам залучаюцца, напрыклад, падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый, вайсковых чыгуначных войскаў, Міністэрства ўнутраных спраў Расеі, як яны перамяшчаюцца, як апэратыўна яны адбываюцца і на якіх участках. Гэта не застаецца бяз нашага аналізу», — заявіў Вадзім Прыстайка сёньня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, адказваючы на пытаньні дэпутатаў.


Міністар замежных справаў Украіны падкрэсьліў, што ў разьвязаньні сытуацыі на Данбасе прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі абапіраецца на менскія дамоўленасьці, дасягнутыя пяць гадоў таму папярэдняй украінскай уладай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасябравалі Лукашэнка і Зяленскі

«Наколькі мы адчуваем, што Расея гатова рухацца? Менавіта для гэтага прэзыдэнт Украіны Зяленскі цяпер спрабуе зрабіць усё магчымае для правядзеньня сустрэчы ў нармандзкім фармаце. Мы спадзяемся, што ў наступным месяцы такая сустрэча адбудзецца і мы станем сьведкамі гатоўнасьці рухацца па ўсіх чатырох напрамках, вызначаных менскімі дамоўленасьцямі», — дадаў Вадзім Прыстайка.

Аб падрыхтоўцы Расеі да маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну заявіў намесьнік начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Таран у апублікаваным сёньня інтэрвію аднаму з украінскіх інтэрнэт-выданьняў.

«Расея рыхтуецца да шырокай ваеннай агрэсіі. Гэтыя пляны цалкам відавочныя. Узброеныя сілы Ўкраіны адпаведна рыхтуюцца, каб адбіць яе на ўсіх межах Украіны. Гэта тычыцца ня толькі лініі сутыкненьня (на Данбасе. — РС), але і іншых раёнаў, пачынаючы ад мяжы зь Беларусьсю і далей паблізу Крыму і Бесарабіі. Сёньня ў нас ёсьць дастатковая колькасьць падрыхтаваных кіраўнічых органаў, здольных плянаваць і кіраваць войскамі ў гэтых важных раёнах», — заявіў Аляксей Таран.