У сусьветным індэксе дабрачыннасьці Беларусь апярэджвае Расею і Ўкраіну. АДНОЙ КАРЦІНКАЙ

World Giving Index 2019. Блакітны паказьнік - дапамога незнаёмым людзям, зялёны - пералік сродкаў у дабрачынныя арганізацыі, аранжавы --- удзел у добраахвотніцкай дзейнасьці.

У сусьветным індэксе дабрачыннасьці (World Giving Index) за 2019 год Беларусь знаходзіцца на 92-м месцы сярод 125 краінаў сьвету. Ніжэйшыя за яе паказьнікі маюць Армэнія, Грузія, Расея, Румынія, Баўгарыя ды іншыя краіны.

У 2017 годзе Беларусь была на 117-м, а ў 2018-м – на 121 месцы ў Сусьветным індэксе дабрачыннасьці. Паводле стваральнікаў індэксу, вынік Беларусі дастаткова добры ў рэгіянальным кантэксьце.


На першым месцы ў рэйтынгу ЗША, на другім – М'янма, на трэцім – Новая Зэляндыя.

Індэкс маніторынгу ўзроўню дабрачыннай дзейнасьці дзяржавы быў распрацаваны ангельскай кампаніяй Charities Aid Foundation у 2010 годзе. Рэйтынг будуецца на падставе дасьледаваньняў, якія праводзіць амэрыканскі Інстытут Гэлапа. Пры складаньні індэксу ўлічваюцца тры асноўныя аспэкты: частата дапамогі незнаёмым людзям, пералік сродкаў у дабрачынныя арганізацыі, удзел у добраахвотніцкай дзейнасьці.