Аб гэтым на прэсавай канфэрэнцыі ў Анкары па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам заявіў віцэ-прэзыдэнт ЗША Майкл Пэнс.
Часовае спыненьне агню будзе доўжыцца 120 гадзін. За гэты час курдзкія ўзброеныя фармаваньні змогуць пакінуць раён апэрацыі. Пасьля гэтага Анкара канчаткова завершыць апэрацыю.
Паводле словаў Пэнса, Вашынгтон ня мае намеру ўводзіць новыя санкцыі супраць Анкары, а ўжо дзеючыя абмежаваньні могуць быць адкліканыя па меры спыненьня агню.
«Выдатныя навіны з Турэччыны! Мільёны жыцьцяў будуць уратаваныя», — напісаў у Твітэры прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган выкінуў ліст прэзыдэнта ЗША, які пісаў яму: «Ня будзьце дурнем!»
Сустрэча Пэнса і Эрдагана працягвалася больш за дзьве з паловай гадзіны. Сам Эрдаган раней скептычна ацэньваў місію амэрыканскіх прадстаўнікоў (Разам з Пэнсам ў Стамбул прыбыў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа). Эрдаган нават казаў, што не сустрэнецца зь імі, хоць пазьней зьмяніў свае пляны. Турэцкі прэзыдэнт таксама сьцьвярджаў, што не баіцца ўзмацненьня жорсткасьці санкцый з боку ЗША.
Турэцкая ваенная апэрацыя супраць курдаў на поўначы Сырыі пачалася 9 кастрычніка. Анкара лічыць узброеныя курдзкія фарміраваньні тэрарыстамі. Вашынгтон, наадварот, лічыць курдаў сваімі саюзьнікамі ў барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Турэччына напала на сырыйскіх курдаў і што там адбываецца. 10 важных фактаў
За час апэрацыі Турэччыне і яе саюзьнікам зь ліку сірыйскіх апазыцыянэраў ўдалося ўзяць пад кантроль частку сырыйскай тэрыторыі каля мяжы.
Курды ж, у сваю чаргу, заключылі дамову з Дамаскам і перадалі пад кантроль сырыйскіх вайскоўцаў шэраг гарадоў, каб абараніць іх ад турэцкага наступу.