У менскай школе № 61 Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) 16 кастрычніка правёў рэспубліканскі сэмінар-трэнінг «Беларусь і Я». У ім узялі ўдзел больш як 250 прадстаўнікоў БРСМ, а пагутарыць зь імі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў прыехала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, паведамляе Tut.by.
Падчас сэмінару Лідзія Ярмошына разам зь першым сакратаром БРСМ Дзьмітрыем Варанюком больш за гадзіну адказвалі на пытаньні актывістаў, а ў канцы Ярмошына прыгадала свае першыя выбары і тое, як яна ўпершыню прыйшла на ўчастак для галасаваньня.
«Гэта было за савецкім часам, а 6-й раніцы камэндант інтэрнату падняў нас у нядзелю, падлюга і нягоднік, і прымусіў прыйсьці на выбарчы ўчастак, — расказала Ярмошына. — Таму ў мяне захаваліся нэгатыўныя ўражаньні пра свой першы дзень галасаваньня.
Таму, актыў [зварот да актывістаў БРСМ. — РС], я вельмі прашу, не будзіце студэнтаў вельмі рана. Яны прыйдуць з дрэнным настроем галасаваць. Менавіта дзякуючы мне ў Выбарчым кодэксе зьявілася норма, што галасаваньне пачынаецца а 8-й раніцы, а ня ў 6».
На сустрэчу назіральнік Алег Наліўка з Баранавічаў спытаў Ярмошыну і Варанюка, у чым яны бачаць прычыны памяншэньня выбарчай актыўнасьці, і адзначыў, што многія бачаць за гэтым выразам недавер насельніцтва да ўсяго, што зьвязана з азначэньнем «улада».
«Інфантыльнасьць выбарнікаў, пасіўнасьць — гэта галаўны боль краінаў... Можа быць, там, дзе яшчэ прыходзяць зь песьнямі і танцамі, там вышэйшая выбарчая актыўнасьць, але чым вышэйшы щзровень разьвіцьця краіны, тым большыя праблемы зь яўкай выбарнікаў», — сказала на гэта Ярмошына.
«Міс Беларусь – 2018» Марыя Васілевіч задала Лідзіі Ярмошынай пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. На гэта стыршыня ЦВК адказала, што ў яе «будуць прапановы, калі да яе зьвернуцца людзі, якія будуць пісаць Асноўны закон».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто будзе выбіраць Лукашэнку прэзыдэнтам у 2020 годзе? Народ ці толькі дэпутаты?Паводле Ярмошынай, па-першае, трэба зьмяніць артыкул, які гаворыць пра выбарчае права, бо ў Беларусі права ўдзелу ў галасаваньні пазбаўленыя грамадзяне, якія знаходзяцца пад вартай да прысуду. Фармальна яны зьяўляюцца невінаватымі і нават могуць вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты, але ў галасаваньні ня ўдзельнічаюць. І, паводле Ярмошынай, «гэта нонсэнс».
Таксама кіраўніца ЦВК адзначыла, што трэба выключаць з закону інстытут адкліканьня дэпутата, бо гэта «зусім мёртвая норма», але пакуль яна ёсьць, немагчыма перайсьці да зьмены выбарчага закону і стварэньня сыстэмы галасаваньня паводле партыйных сьпісаў. Таксама трэба мяняць адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўпарадкаваньне.
На пытаньне Ўладзімера з Крупскага раёну, чаму б участкі для галасаваньня на выбарах прэзыдэнта не разьмясьціць у «Менск-Арэне», Лядовым палацы, тэатрах і кінатэатрах. Ярмошына адзначыла, што выбары ў Беларусі «ажыцьцяўляюцца ў асноўным бясплатна»:
«11 млн даляраў — столькі каштуе гэтая выбарчая кампанія. Гэта супастаўна з краінамі Афрыкі, гэта 1,5 даляра на чалавека, на выбарніка. Гэта вельмі няшмат. А чаму так?
Эканомна мы праводзім выбары, таму што ўсе памяшканьні бясплатныя, дзяржаўныя СМІ працуюць бясплатна, школы — гэта тыя нешматлікія аб’екты камунальнай уласнасьці, якія могуць даць памяшканьне, плюс да ўсяго яны разьмешчаныя ў спальных раёнах. Калі адкрыць выбарчы ўчастак у кінатэатры, то яўкі выбарнікаў ня будзе, выбарнікі жывуць ад яго далёка, я ўжо не кажу пра тое, што мы сарвём камэрцыйную дзейнасьць».
На пытаньне з залі, чаму ў Беларусі кандыдаты, хоць і могуць выкупляць эфірны час на тэлевізіі, чамусьці гэтым не карыстаюцца, Ярмошына адказала, што «вы ў Белтэлерадыёкампаніі такія расцэнкі прызначаеце, што ён зможа, напэўна, купіць толькі час, каб паказацца на экране і ў лепшым выпадку сказаць: «Я Вася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе і калі пакажуць выступы кандыдатаў у дэпутаты на БТНа пытаньне Аляксандра Давідоўскага зь Менску, наколькі рэальна правесьці выбары ў Беларусі з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгій і электроннага галасаваньня. Ярмошына сказала, што гэты «спосаб галасаваньня забракаваны большасьцю дзяржаў».
Паводле яе, адзіны пасьпяховы досьвед на эўрапейскай прасторы мае Эстонія, «усе астатнія, асабліва напалоханыя расейскімі хакерамі, наогул адмаўляюцца нават ад перадачы вынікаў з дапамогай электронных сродкаў масавай інфармацыі», і «нават такія дзяржавы з высокаразьвітымі тэхналёгіямі, як Японія і Карэя, па-ранейшаму галасуюць з дапамогай звычайных папяровых носьбітаў».
Паводле Ярмошынай, калі ў Беларусі і зьявіцца электроннае галасаваньне, дык толькі для галасаваньня грамадзян за мяжой.
Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць
Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.
- За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
- Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
- Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
- Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
- Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
- Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
- Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
- Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
- Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
- Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
- На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
- На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
- Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
- Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
- Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
- Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
- Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».