Паліцыя Вялікай Брытаніі затрымала траіх чалавек у рамках расьсьледаваньня справы аб крадзяжы залатога ўнітаза з Блэнхеймскага палаца ў ангельскім графстве Оксфардшыр.
Як паведамілі ў паліцыі, затрымалі двух мужчын 34 і 35 гадоў і 36-гадовую жанчыну, усе з Оксфарду, іх падазраюць у змове з мэтай крадзяжу з узломам.
Раней у справе затрымалі 66-гадовага мужчыну, якога падазравалі ў крадзяжы з узломам, а таксама 35-гадовага мужчыну праз падазрэньне ў змове з мэтай крадзяжу. Пазьней абодвух вызвалілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нью-ёрскім музэі зьявіўся залаты ўнітазПоўнафункцыянальны залаты ўнітаз, выкананы цалкам з 18-каратнага золата, скралі ўначы 14 верасьня. Ён стаяў у Блэнхеймскім палацы, дзе нарадзіўся былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыль, у рамках выставы італьянскага мастака Маўрыцыё Катэляна пад назвай «Перамога не варыянт», якая адкрылася для публікі 12 верасьня.
Кошт унітаза — звыш мільёна эўра, за яго вяртаньне была абвешчаная ўзнагарода да 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў (124 тысячы даляраў), пісала CNN.