Cупрацоўнікаў амбасады ЗША зьнялі зь цягніка ў ваколіцах расейкага палігону, дзе адбыўся выбух і выкід радыяцыі

Дарога да Нёнаксы

Трое супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Расеі 14 кастрычніка былі зьняты з цягніка «Нёнакса — Северадзьвінск», паведамляюць «Интерфакс» і ТАСС. Амбасада ЗША ў Расеі афіцыйна гэты інцыдэнт пакуль не пракамэнтавала.

Дыпляматаў абвінавачваюць ва ўезьдзе на рэжымную тэрыторыю без дазволу, што зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем (у Нёнаксе разьмешчаны ракетны выпрабавальны палігон Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі, дзе выпрабоўваюць ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: выбух пад Северадзьвінскам адбыўся пры спробе падняць ракету «Буравесьнік»

«Пры праверцы дакумэнтаў у пасажыраў цягніка» Нёнакса — Северадзвінск «былі выяўленыя трое замежных грамадзян», — сказалі прадстаўнікам двух агенцтваў.

Выбух пад Северадзьвінскам адбыўся 8 жніўня. Расейскія ўлады прызналі факт выбуху, кароткатэрміновага выкіду радыяцыі і гібелі людзей — пецярых супрацоўнікаў кампаніі «Росатом» і двух вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNBC распавёў пра пяць няўдалых выпрабаваньняў ракеты «Буравесьнік» зь ядзернай устаноўкай

У афіцыйных паведамленьнях гаварылася, што ён адбыўся пры выпрабаваньні новай тэхнікі з «ізатопнай крыніцай сілкаваньня». Пра тое, якая гэта тэхніка, аднак, афіцыйна не паведамлялася. У розных расьсьледаваньнях называліся розныя вэрсіі — аж да выбуху самой ракеты «Буравесьнік». Журналістам расейскай службы «Радыё Свабода», абапіраючыся на адкрытыя крыніцы, у сваім расьсьледаваньні ўдалося вызначыць найбольш верагодную прычыну выбуху.

Аб ракеце, пасьля названай «Буравесьнік», казаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пасланьні ў сакавіку 2018 году, сьцьвярджаючы, што гэта зброя, якая ня мае аналягаў у сьвеце і здольная фактычна неабмежаваны час знаходзіцца ў паветры і зьмяняць траекторыю палёту. Выпрабаваньні гэтай ракеты засакрэчаныя. СМІ, спасылаючыся на дадзеныя выведак, пісалі пра некалькі няўдалых выпрабаваньнях «Буравесьніка» у Расеі, аднак гэтыя паведамленьні не пацьверджаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так выглядае сьмерць». Што сказалі жыхарам расейскай вёскі пра радыяцыю пасьля выбуху 8 жніўня

Праехаць у Нёнаксу можна толькі па чыгунцы: некалькі разоў за дзень па ёй праходзіць цягнік з Северадзьвінску да пасёлку Сопкі. Але для таго, каб сесьці на яго чалавеку безь мясцовай рэгістрацыі, неабходна атрымаць пропуск у Северадзьвінску. Пасьля падзей 8 жніўня, па зьвестках «Радыё Свабода», без запрашэньня ад мясцовых жыхароў пропуску нікому не даюць.