Расея ўзяла «Санта Брэмар» на ўзмоцнены кантроль

Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд часова абмежаваў увоз у Расею прадукцыі з двух беларускіх прадпрыемстваў, у якой, паводле ведамства, выявілі бактэрыі, якія могуць выклікаць лістэрыёз.

«У сувязі з паўторным парушэньнямі» часовую забарону на пастаўку прадукцыі ў Расею ўвялі ў дачыненьні магілёўскага ТАА «Мергард» і «Фарэлевай гаспадаркі «Лохва» ў Быхаўскім раёне — у іхных ялавічыне і фарэлі выявілі бактэрыі Listeria monocytogenes, сьцьвярджае ведамства.

Акрамя гэтага, Рассельгаснагляд увёў рэжым узмоцненага лябараторнага кантролю да:

  • ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» — у мясе птушкі выяўленыя какцыдыястатыкі;
  • СП «Санта Брэмар» — у фарэлі выяўленыя бактэрыі роду Listeria monocytogenes.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі яшчэ з трох беларускіх прадпрыемстваў

Між Беларусьсю і Расеяй ужо доўга працягваюцца спрэчкі наконт экспарту беларускай прадукцыі, якія называюць «малочнымі» і «мяснымі» войнамі.

Расея часта выказвае прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай і мясной прадукцыі і рэгулярна ўводзіць абмежаваньні на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі зь беларускіх прадпрыемстваў. Беларускі бок называе прэтэнзіі расейскага (якія тычацца ня толькі якасьці прадукцыі, але і незаконнага рээкспарту) неабгрунтаванымі. Прычыны «малочных войнаў» нярэдка называлі палітычнымі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не ў прыярытэце. Масква адказвае Менску на «малочныя» папрокі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Малочная вайна» Расеі зь Беларусьсю: нізкая якасьць прадукцыі ці замах на перапрацоўчыя прадпрыемствы?

У першым квартале 2019 году экспарт беларускага малака і вяршкоў, ялавічыны, а таксама каўбас ў Расею зьнізіўся на 15-30%. Усе пастаўкі малочнай прадукцыі зь Беларусі знаходзяцца на ўзмоцненым лябараторным кантролі з боку Рассельгаснагляду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт беларускай мяса-малочнай прадукцыі ў Расею ўпаў на 15-30%

Акрамя гэтага, Рассельгаснагляд час ад часу абвінавачвае Беларусь у пастаўках на расейскі рынак прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу. Пад забарону трапіла найперш эўрапейская садавіна.

Але Беларусь завозіць у Расею ня толькі садавіну, але і морапрадукты, хоць мора ня мае. Беларускія крэвэткі, аднойчы заўважаныя на паліцах расейскіх крамаў, сталі мэмам.

Садавіну і гародніну зь Беларусі безь фітасанітарных сэртыфікатаў і ўсіх неабходных суправаджальных дакумэнтаў Рассельгаснагляд затрымлівае на мяжы і зьнішчае яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх прадуктаў забракавалі ў Расеі ў 2019 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зь беларускімі крэвэткамі? Як Беларусь прадае ў Расею тунца, камбалу і каракаціц
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насуперак Рассельгаснагляду. Якую імпартную садавіну Беларусь перапрадае ў Расею. ІНФАГРАФІКА