Беларусы папрасілі вучыць у школах лацінцы

На сайце Petitions.by больш за дзьве сотні карыстальнікаў падпісалі зварот да Міністэрства адукацыі за вывучэньне беларускай лацінкі ў школах.

У пэтыцыі просяць дадаць у школьную праграму некалькі гадзін для вывучэньня беларускага лацінскага альфабэту і правілаў напісаньня зь яго ўжываньнем.

«Лічым недарэчным той факт, што ў школьнай праграме пра гэты альфабэт няма ні слова, — пішуць у звароце. — У выніку многія беларусы яго не разумеюць.

Уключэньне ў школьную праграму мінімамальнага знаёмства зь беларускай лацінкай таксама дазволіць лепш разумець граматыку іншых славянскіх моў, якія карыстаюцца лацінскім альфабэтам (польскую, чэскую і iншыя). Беларуская лацінка адкрывае для нашай мовы новыя гарызонты камунікацыі зь іншымі краінамі славянскай моўнай групы і ня толькі. Амаль для любога іншаземца лацінскі альфабэт нашмат болей звыклы, чым кірыліца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: І кірыліца, і лацінка нам не чужыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму патрэбная беларуская лацінка? Поўнае відэа
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры прычыны перайсьці на лацінку

Лацінскія літары ўжываліся для запісу тэкстаў на беларускай мове здавён — прынамсі з XVI стагодзьдзя рабіліся спробы перадаць беларускія гукі паводле правілаў польскай артаграфіі, каб уключыць беларускія словы ў польскія і лацінскія тэксты. Адзін з самых вядомых прыкладаў ужываньня лацінкі — газэта «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, якая распаўсюджвалася ў час паўстаньня 1863–1864 гадоў. Таксама на пачатку XX стагодзьдзя лацінкай выдаваліся «Наша доля», «Наша ніва» і «Гоман», шэраг кніг, у тым ліку «Гусьляр» Янкі Купалы.

У канцы 1920-х зьявіліся першыя спробы ўнармаваць правапіс лацінкай. Варыянт лацінкавага альфабэту ўключыў у сваю «Граматыку» Браніслаў Тарашкевіч. Сучасны выгляд лацінка набыла ў 1962 годзе, яго прапанаваў Ян Станкевіч. У 2000 годзе на аснове беларускай лацінкі была створаная афіцыйная інструкцыя па трансьлітарацыі геаграфічных назваў, адаптаваная пад «школьны» правапіс.

Канвэртар кірыліцы ў лацінку на сайце Slounik.org >>

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гістаричнаja пађеja. Як мог бы выглядаць беларускі альфабэт пасьля Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 году